— Юрый Іванавіч, якія напрамкі работы прафсаюза вызначаны як прыярытэтныя?
— Гэта ў першую чаргу пытанні, якія хвалююць людзей. Уся наша работа будуецца ў цесным узаемадзеянні з працоўнымі калектывамі. У нас у раёне 124 пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі, якія аб’ядноўваюць 12 774 чалавекі. Гэта нашы людзі, інтарэсы якіх мы абараняем. З 2015 года ў раёне створаны 19 новых прафсаюзных арганізацый. Актуальна стаіць задача захавання прафсаюзаў у прыватным сектары эканомікі. На гэты момант асаблівую ўвагу звярнуў кіраўнік дзяржавы. Узнікаюць складанасці, кіраўніцтва некаторых прыватных прадпрыемстваў выступае супраць такой практыкі. Часта прафсаюз успрымаюць як выключна забаўляльны культурна-масавы сектар. Аднак гэта далёка не так. Магчыма, наймальнікі не да канца ўсведамляюць, што мы імкнёмся выступаць не як канфрантуючыя бакі, а як сацыяльныя партнёры, і вырашаць пытанні ў канструктыўным дыялогу. Вядзецца сур’ёзная калектыўна-дагаворная работа, дзейнасць па ахове працы. І гэта не толькі абарона працаўнікоў, але і падказка наймальніку, як зрабіць умовы працы лепшымі. У нас у раёне прафсаюзныя арганізацыі ёсць у такіх прыватных прадпрыемствах, як СЗАТ «Агракамбінат «Колас», філіял «Мясакамбінат» в. Зарэчча СЗАТ «Агракамбінат «Колас», ТАА «Коласбел Лагістык», СТАА «Мясапрадукт», СФГ «Сула», ПУП «СлавАвтоЛюкс», ПВГУП «ЛАТ-ТЕХ», ТАА «Іва-Вуд», ПВГУП «Лесформінвест-Плюс», ТАА «АграГазМантаж».
Прэзідэнт краіны падтрымаў на з’ездзе ініцыятыву Федэрацыі прафсаюзаў за ўнясенне змяненняў у пенсійнае заканадаўства. На сучасны момант дзейнічае ураўняльны прынцып, што прафсаюзы лічаць несправядлівым. Механізмы налічэння пенсіі павінны стымуляваць людзей працаваць лепш. Кожны чалавек павінен быць упэўнены ў тым, што яго пенсія будзе адпавядаць яго працоўным заслугам. У нас у раёне 12101 пенсіянер, з іх 3023 працягваюць працаваць. Прафсаюзы бачаць дысбаланс і ў тым, як налічваецца пенсія тым, хто працягвае працаваць. Чалавек адлічвае адзін працэнт ад заработнай платы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Пры гэтым яго пенсія не пералічваецца.
Федэрацыя выступіла таксама з ініцыятывай па ўдасканаленні сістэмы антыкрызіснага кіравання на прадпрыемствах, а таксама стварэння спецфонду па выплаце заработнай платы працаўнікам прадпрыемстваў-банкротаў, якія назапашваюць даўгі па заработнай плаце. У нас у раёне за апошнія пяць гадоў такіх прадпрыемстваў не было. У сувязі з тым, што цяпер рынак працы імкліва мяняецца, патрабуецца ўдасканаленне заканадаўства ў гэтым напрамку. Федэрацыя разам з Міністэрствамі эканомікі, фінансаў распрацавалі канцэпцыю абавязковага страхавання ад нявыплаты заработнай платы пры банкроцтве арганізацый.
— Юрый Іванавіч, на з’ездзе шмат увагі было нададзена развіццю рэгіёнаў з акцэнтам на тое, што ў маленькіх гарадах ёсць дэфіцыт якасных рабочых месцаў. Як вам бачыцца вырашэнне гэтых праблем у нашым раёне?
— Так, і наш горад адчувае гэтыя праблемы па прычыне, што няма вялікіх прамысловых прадпрыемстваў. Федэрацыя прафсаюзаў выйшла з гэтай праблемай на пасяджэнне Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях. Была прынята пастанова «Аб зацвярджэнні плана развіцця асобных рэгіёнаў, якія адстаюць па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця». Нам таксама з мясцовымі органамі ўлады патрабуецца выпрацаваць свой дакладны план па развіцці нашага горада і раёна. У 2019 годзе ў нашым раёне былі створаны 150 новых рабочых месцаў. Стаіць задача ствараць высокапрадукцыйныя рабочыя месцы, што будзе садзейнічаць і замацаванню маладых спецыялістаў. Пытанні занятасці і заработнай платы заўсёды будуць галоўнымі ў нашай рабоце. І адно з актуальных пытанняў у гэтай сферы — змяненне сістэмы аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. У нашым раёне каля 80 бюджэтных арганізацый. З пачатку студзеня працуе гарачая лінія.У большасці людзі звярталіся з пытаннямі, як правільна прымяняць тыя ці іншыя нормы. Варта адзначыць той факт, што ў нас не было зваротаў па прычыне зніжэння ўзроўню аплаты працы работнікам бюджэтнай сферы.
Будзе працягнута работа па маніторынгу цэн. Гэта тэма, якая найбольш хвалюе людзей. Калі параўноўваць студзень 2020 года са снежнем 2019 года, то спажывецкія цэны на многія прадукты харчавання засталіся на ранейшым узроўні. Аднак адзначаны рост цэн на малочную прадукцыю, яйкі, грэчневыя крупы, моркву, буракі, памідоры і агуркі. Разам з тым, патаннелі свініна і аўсяныя крупы.
На з’ездзе зацверджана Праграма дзейнасці Федэрацыі прафсаюзаў на 2020–2025 гады, у якой акрэслены ўсе асноўныя накірункі дзейнасці на бліжэйшую пяцігодку. На новы выбарчы тэрмін старшынёю Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі абраны Міхаіл Орда.
— 2020 год для нашай краіны адметны тым, што святкуецца важная дата — 75-годдзе Вялікай Перамогі. Прафсаюзы заўжды былі ўдзельнікамі агульнанацыянальных акцый. Што будзе прадпрынята па захаванні нашай гісторыі?
— Добрыя справы будуць працягнуты. На слыху ва ўсіх добраўпарадкаванне мемарыяльнага комплексу «Курган Славы», над якім мае шэфства Федэрацыя прафсаюзаў. У жніўні мінулага года там устаноўлены легендарны самалёт-штурмавік Іл-2. А сёлета ў сувязі з юбілейнай датай экспазіцыя музея ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам будзе дапоўнена баявой машынай «Кацюша». Вялікая ўвага захаванню памяці праводзіцца і ў нашым раёне. І ўключае добраўпарадкаванне памятнікаў і абеліскаў баявой і працоўнай славы, месцаў пахавання воінаў і партызанаў, ушанаванне і аказанне дапамогі ветэранам. Ва ўсіх мерапрыемствах, якія будуць ажыццяўляцца да 75-годдзя Вялікай Перамогі, прафсаюзныя арганізацыі прымуць актыўны ўдзел.