На парадак дня работы пасядждэння савета было вынесена пытанне “Аб ходзе выканання Комплексу мер па рэалізацыі Асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады прафсаюзнымі арганізацыямі і іх структурамі, размешчанымі на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна”.
З дакладам выступіў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Ларычэў. У выступленні ўвага была сканцэнтравана на рэалізацыі прафсаюзнымі арганізацыйнымі структурамі асноўных палажэнняў гэтай дзяржаўнай праграмы. Пярвічнымі прафсаюзнымі арганізацыямі раёна сумесна з наймальнікамі распрацаваны і зацверджаны планы мерапрыемстваў па выкананні Комплексных мер праграмы. Пасяджэнне савета аб’яднання падвяло вынікі работы за мінулы перыяд.
У справаздачным дакладзе быў зроблены аналіз сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў розных накірунках дзейнасці. Акцэнты былі зроблены на дзейнасць прафсаюзаў, якія сваю ролю бачаць у абароне інтарэсаў і правоў працаўнікоў. Дакладчык прывёў вынікі матырынгу па назіранні, аналізе, ацэнцы захавання працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў працуючых на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Адзначалася, што не выконваецца норма Генеральнага пагаднення аб давядзенні сярэдняй заработнай платы працаўнікоў бюджэтных арганізацый да ўзроўню 80 працэнтаў у цэлым па краіне. Гэтая праблема датычыць каля 25 працэнтаў працаўнікоў бюджэтных арганізацый.
У пытанні аплаты працы і працоўных адносін прафсаюзы звярнулі ўвагу на такія моманты. У некаторых арганізацыях заработная плата выплочваецца ў апошнія дні месяца, а не да 25 чысла, як занатавана ў калектыўных дагаворах, Пагадненні паміж раённым выканаўчым камітэтам і раённым аб’яднаннем прафсаюзаў. Намецілася і такая тэндэнцыя. У некаторых арганізацыях нашага раёна пачалі ўносіць змяненні ў калектыўны дагавор з мэтай пераносу тэрмінаў выплаты заработнай платы на апошнія дні месяца. Прафкамы пры гэтым узгадняюць такія змены, прыняўшы бок наймальніка, тым самым парушаюць пункты Пагаднення і артыкул 362 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, дзе ўказана: “Умовы калектыўнага дагавору, пагаднення, якія пагаршаюць стан працаўнікоў у параўнанні з заканадаўствам, з’яўляюцца несапраўднымі. Генеральнае пагадненне з’яўляецца асновай для тарыфных і мясцовых пагадненняў, калектыўных дагавораў”.
Увагу прафсаюза прыцягнута і такая сітуацыя. У раёне з 55 працэнтамі працуючых заключаны кароткатэрміновыя кантракты – на адзін год, а не на больш доўгі тэрмін. З добрасумленнымі ж працаўнікамі працаздольнага ўзросту кантракт павінен заключацца на максімальны тэрмін – пяць гадоў.
Вялікая ўвага у дакладзе была звернута на пытанні сацыяльнай абароны маладых спецыялістаў. Практычна ва ўсіх арганізацыях у той ці іншай меры гэтым пытанням удзяляецца ўвага.
У абмеркаванні пытанняў аховы працы на прадпрыемствах быў зроблены аналіз няшчасных выпадкаў, праведзены маніторынг вытворчага траўматызму. Рэзюмавалася, што большасць з іх адбыліся па прычыне парушэння пацярпелымі працоўнай і вытворчай дысцыпліны, інструкцый па ахове працы, а таксама неналежнага кантролю за гэтым кіраўнікамі і спецыялістамі арганізацый.
Дакладчык шмат увагі надаў лепшаму вопыту работы прафсаюзных арганізацый у розных накірунках дзейнасці. Прафсаюзным лідарам была магчымасць падзяліцца гэтым вопытам з трыбуны пасяджэння. Цікавымі былі выступленні старшынь прафсаюзных арганізацый філіяла УКХ “Мінскі маторны завод” у г. Стоўбцы Вольгі Мішук, стаўбцоўскага лясгаса Валянціны Сахар, Вішнявецкай сярэдняй школы Наталлі Грышан.
Пасяджэнне савета аб’яднання дало стымул для дадейшай плённай і выніковай работы прафсаюзнага актыву раёна.
Святлана ЖЫБУЛЬ
(па матэрыялах газеты «Прамень»)