Як адзначалася на ўрачыстым мітынгу пад Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь і сцягам ФПБ, сёння прафсаюзы адыгрываюць значную ролю ў развіцці і ўмацаванні грамадства, а алея, якая размешчана за мемарыяльным комплексам у памяць аб загінулых вызваліцелях Маладзечна, стане сімвалам абароны чалавека працы ўжо ў мірны час.
Яшчэ адна адметнасць акцыі ў тым, што яна – своеасаблівы водгук на шматлікія мерапрыемствы Году малой радзімы, які аб’яўлены ў Беларусі сёлета. І дрэвы, пасаджаныя ў гарадскім парку, будуць упрыгожваць адзін з самых прывабных куткоў нашага горада. Усе ўдзельнікі акцыі ўзялі ў рукі рыдлёўкі не па загадзе, а па поклічы сэрца, з усведамленнем важнасці асабістага ўкладу ў навядзенне парадку на роднай зямлі. І няма розніцы, дзе нарадзіліся яны, дзе жывуць сёння – Беларусь у нас адна. Вось як выказаўся Леанід Кароль, старшыня прафсаюзнай арганізацыі лакаматыўнага дэпо:
– Я родам з Валожыншчыны, але ўжо больш за пяцьдзясят гадоў жыву ў Маладзечне. Не тое што прывык да горада – палюбіў назаўсёды. І стараюся хоць нечым дапамагчы ў яго развіцці. Быў час, саджаў дрэвы ў якасці начальніка лакаматыўнага дэпо. Цяпер працуючы на выбарнай пасадзе. Дарэчы, у прафсаюзную арганізацыю ўступіў у далёкім ужо 1966 годзе. Колькі пад прафсаюзнымі лозунгамі зроблена добрых спраў, ужо і не злічыць! Але яны не дзеля статыстыкі, не дзеля піяру. Яны тлумачацца нашым імкненнем працаваць для людзей, дзеля краіны. Праз колькі гадоў, калі маладыя клёны прыжывуцца, пацягнуцца да сонца, пад імі будуць гуляць нашчадкі тых, хто заклаў адразу ж пасля вайны парк імя Перамогі, хто і ў наш час ведае цану міру і прыгажосці.
Па матэрыялах «Маладзечанскай газеты»