Гэты раз прапановы і меркаванні валожынцаў прымала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Загорская. «У грамадскую прыёмную людзі звяртаюцца са многімі пытаннямі — і асабістымі, і тымі, што датычацца жыцця грамадства, — адзначыла прафсаюзны лідар. — Тэматыка вельмі розная. Такая форма работы добрая тым, што ёсць магчымасць выслухаць розныя пункты погляду, меркаванні і выявіць праблемы, для вырашэння якіх неабходна ў тым ліку ўнясенне карэкціровак у заканадаўства».
Некалькі чалавек звярталіся па тэлефоне і гаварылі пра неабходнасць паляпшэння якасці дарог у сельскай мясцовасці, адсутнасць вулічнага асвятлення і г. д. Гэтыя пытанні будуць вырашаць адказныя службы раёна, а вось ініцыятывы, што паступілі, будуць вывучаны і прадастаўлены да абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе. «Нашы дзверы адчынены, і мы гатовыя і надалей прымаць прапановы па паляпшэнні жыцця раёна, вобласці і ўсёй краіны», — адзначыла Вераніка Віктараўна.