На свята да хлебаробаў прыехалі пачэсныя госці — першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Балцянкоў, дырэктар ААТ «17 Верасня» Арцём Шастапёраў, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Святлана Антончык. Старшыня праўлення СВК «Агракамбінат Сноў» Мікалай Радаман падвёў вынікі жніва. На свяце былі ўручаны ўзнагароды Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта, упраўлення па сельскай гаспадарцы і харачаванні, прафсаюза, СВК «Агракамбінат Сноў» і грашовыя прэміі 119 яго працаўнікам.
Першае месца сярод камбайнераў заняў Сяргей Вайняк. Ён на камбайне «Лексіён-760» убраў 287 га, намалаціў 2461 т збожжа. На другім месцы — Ігар Праневіч (201 га, 2425,4 т). Трэцім прызёрам стаў Аляксандр Грынаш (276 га, 2366 т).
Сярод вадзіцеляў у лідары выйшаў Алег Віннічак. На аўтамашыне МАЗ-555102 ён даставіў з поля на ток 3446,4 т збожжа. На другім месцы — вадзіцель МАЗа Сяргей Браусевіч, які перавёз 3271,7 т. На трэцім — Леанід Вялічка (2759,6 т).
Да гэтага свята хлебаробы ішлі амаль цэлы год. Усяго ў засекі сельгаспрадпрыемства паступіла 24 383 тысячы тон зерня. Сярэдняя ўраджайнасць гаспадаркі — 85,6 ц/га. Таксама аграрыямі было ўбрана 712 га рапса, намалочана 3134 т, сярэдняя ўраджайнасць — 44,7 ц/га.
— Я хачу выказаць падзяку ўсім нашым працаўнікам, якія, пачынаючы з восені, працавалі з поўнай самаддачай — калі трэба было, выходзілі і ў начныя змены і ў выхадныя дні, — адзначыў Мікалай Радаман. — Фінальным акордам стала праца камбайнераў. Перад імі была пастаўлена задача — убраць увесь наш хлеб, не згубіўшы ніводнага зярнятка. Я лічу, яны яе выканалі ў поўным аб’ёме, нягледзячы на тое, што ўмовы для гэтай уборкі былі дастаткова складанымі. Вялікі вам дзякуй, хлебаробы!
У гэты дзень удзельнікі жніва атрымалі падарунак і ад творчых супрацоўнікаў Сноўскага СЦК — цудоўны канцэрт.