Журналісты наведалі СУП «ЯхімоўшчынаАгра» разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімірам Саланенкам. Мэтай візіту было даведацца, як ідуць справы ў гаспадарцы, адзначыць некаторых перадавікоў, паслухаць, чым жывуць аграрыі.
Уладзіміра Вячаслававіча мы засталі ў добрым настроі. І гэта не дзіўна: хутка Каляды і Новы год. А падставы для аптымізму работнікаў відавочныя.
— Сёлета ў гаспадарцы сабралі важкі ўраджай збожжавых і зернебабовых, — гаворыць Уладзімір Лазар. — Ураджайнасць гэтых культур склала 50,5 цэнтнера з гектара. Кармоў нарыхтавана больш за 35 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы (значна больш, чым летась). Пры гэтым шчыльнасць сельскагаспадарчых жывёл у нас адна з самых вялікіх у раёне.
Як падкрэсліў кіраўнік, жывёлагадоўлі ў «ЯхімоўшчынеАгра» надаецца павышаная ўвага. Галіна развіваецца комплексна. Каб мець добры вынік, пастаянна павялічваецца кармавая база. Высяваюцца высокаўраджайныя раяніраваныя кармавыя культуры, якія даюць некалькі ўкосаў за сезон.
Так, пад люцэрну ў гаспадарцы адведзена больш за 200 гектараў плошчаў. Добра паказаў сябе сорга-суданковы гібрыд. Дзякуючы аўсяніцы трысняговай не толькі папаўняецца рацыён грамадскага статка, але і ўключаюцца ў сельгасабарот пераўвільготненыя ўчасткі зямель. Да таго ж гэта трава ўмацоўвае глебу.
— Мэтанакіраваная работа дае вынік. Рэалізацыя малака ў гэтым годзе ў параўнанні з мінулым склала 124 працэнты. Гатункам «экстра» пастаўляецца палова малочнай прадукцыі, і гэта доля пастаянна павышаецца. Сярэднясутачны надой ад каровы вырас да 13,5 літра (да 17 літраў — на МТФ у Яхімоўшчыне). Вядуцца мадэрнізацыя і будаўніцтва аб’ектаў жывёлагадоўлі, — паведаміў Уладзімір Лазар.
Такім чынам, у гаспадарцы сапраўды ёсць падставы і для радасці, і для аптымізму.