За збор і аналіз інфармацыі, якая паступіла ў грамадскую прыёмную, адказвае старшыня раённага аб яднання прафсаюзаў Святлана Чарняўская. Яна ж перадае і прапановы наконт змяненняў у Канстытуцыю нашай дзяржавы (пры іх наяўнасці) у аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, дзе апошнія акумулююцца.
— Пытанні людзі могуць задаць розныя, — расказвае Святлана Анатольеўна, — і бытавыя, і сацыяльна значныя. Праўда, за час работы грамадскай прыёмнай зваротаў было няшмат. Цікавіліся наконт наяўнага арэнднага жылля, пра аплату падаткаў на нерухомасць… Дарэчы, адказы на ўзнятыя пытанні заяўнікі атрымалі ад кампетэнтных спецыялістаў. Праўда, не ў дзень звароту, а крыху пазней.
— Чым вы тлумачыце такую невялікую актыўнасць жыхароў азёрнага краю? — цікаўлюся ў сваёй суразмоўцы.
— Наколькі ведаю, работа са зваротамі грамадзян у нас на Мядзельшчыне арганізавана на належным узроўні. Праводзяцца «гарачыя лініі», прыёмы насельніцтва кіраўніцтвам раёна. Ладзяцца таксама сустрэчы ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства. Працуюць з заяўнікамі, якія звяртаюцца і вусна, і пісьмова, а апошнім часам і па электроннай пошце, як у райвыканкаме, так і ў сельскіх выканаўчых камітэтах. Таму ўсе ахвотныя могуць адрасаваць свае праблемы адразу ж прадстаўнікам мясцовай улады, раённых служб, што нашмат эфектыўней, чым звяртацца праз пасрэднікаў. Акрамя таго, праводзяць «гарачыя лініі» і прыёмы грамадзян і вышэйстаячыя структуры.