— На што накіравана работа прафсаюзных арганізацый у перыяд уздыму вострых рэспіраторных захворванняў?
— Разам з сацыяльнымі партнёрамі мы перш за ўсё клапоцімся аб забеспячэнні сродкамі аховы і дэзінфекцыі работнікаў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна. На закупку сродкаў індывідуальнай аховы і іншыя мэты ад прафсаюзных арганізацый накіравана ўжо звыш 20 тысяч рублёў. Адзначу, што гэта не разавая акцыя — такая праца будзе працягнута.
— Акрамя набыцця сродкаў аховы, якую дапамогу яшчэ будуць аказваць прафсаюзныя арганізацыі?
— Ва ўсіх прафсаюзных арганізацыях створаны Фонд дапамогі (прафсаюзныя касы ўзаемадапамогі) шляхам пералічэння сродкаў рэзервовага фонду і грашовых сродкаў па іншых артыкулах, сфарміраваны ў аб’ёме не менш за 50% прафсаюзнага бюджэту для аказання матэрыяльнай дапамогі работнікам прадпрыемстваў.
— Як прафсаюзныя арганізацыі ў дадзены перыяд працуюць з пенсіянерамі?
— Так, мы не забыліся пра былых работнікаў: ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, непрацуючых пенсіянераў, інвалідаў. З да-дзенай катэгорыяй грамадзян мы падтрымліваем тэлефонную сувязь, стараемся вывучыць іх патрэбы і пры неабходнасці аказаць дапамогу.
— Усюды аказваецца дапамога ўстановам аховы здароўя. Ці плануецца і ў нас такое мерапрыемства?
— Вядома. У цяперашні час Мінскім абласным аб’яднаннем прафсаюзаў адкрыты разліковы рахунак для пералічэння прафсаюзнымі арганізацыямі ад усіх раёнаў грашовых сродкаў у памеры 2% ад членскіх прафсаюзных узносаў, прадугледжаных па артыкуле «Расходы на мэтавыя мерапрыемствы (у раёне, горадзе, вобласці)». Затым гэтыя грошы размяркоўваюцца па раёнах для набыцця сродкаў аховы. Мы плануем аказаць дапамогу Бярэзінскай ЦРБ.
— Што б Вы рэкамендавалі тым, хто кожны дзень знаходзіцца на працы?
— На сённяшні дзень асабістая гігіена павінна быць у прыярытэце ў кожнага чалавека. Рэкамендацый шмат і яны вядомыя, проста да іх трэба паставіцца сур’ёзна і выконваць бездакорна. Гэта тычыцца частага мыцця рук, выкарыстання масак і антысептыкаў, адмовы ад наведання шматлюдных месцаў. Пры першых прыкметах захворвання неабходна самаізалявацца, выклікаць урача, кантраляваць сімптаматыку. Таксама варта пазбягаць кантактаў з пажылымі людзьмі, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, і асабліва з тымі, у каго ёсць хранічныя захворванні. Сёння гэта павінна быць асноўным правілам для ўсіх. Беражыце сябе і сваіх блізкіх!