У гутарцы з намі Юрый Іванавіч падзяліўся сваімі ўражаннямі ад галоўнага форуму краіны і акрэсліў асноўныя тэмы, якія былі абмеркаваны.
— Удзел ва Усебеларускім народным сходзе я прымаў упершыню, таму было хвалююча. На пасяджэнні былі разгледжаны пытанні развіцця эканомікі, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, адукацыі, знешняй і ўнутранай палітыкі, маладзёжнай палітыкі.
У цэнтры абмеркавання была праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021 – 2025 гады. Галоўная яе мэта — забеспячэнне стабільнасці ў грамадстве і рост дабрабыту грамадзян.
Прыярытэтамі, як і раней, застаюцца: шчаслівая сям’я (замацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, якія заснаваны на фізічным і духоўным дабрабыце, выхаванне дзяцей і моладзі, клопат пра старэйшае пакаленне), моцныя рэгіёны (камфортныя і бяспечныя ўмовы жыцця і працы, якасная і даступная сацыяльная інфраструктура, высокая мабільнасць, інвестыцыі ў новыя эфектыўныя вытворчасці), інтэлектуальнае асяроддзе (адукацыя, развіцце навукі, раскрыццё творчага патэнцыялу), дзяржава-партнёр (замацаванне дыялогу і ўзаемнага даверу паміж дзяржавай і грамадствам, дзяржавай і чалавекам, дзяржавай і бізнесам).
Важна і тое, што у сваім дакладзе Прэзідэнт надаў увагу развіццю рэгіёнаў, якасці жыцця ў сельскай мясцовасці, наяўнасці працоўных месцаў у невялікіх вёсках і гарадах, што асабліва актуальна для Стаўбцоўшчыны.
Вялікую цікавасць выклікала тэма цэнаўтварэння, якая знаходзіцца на пастаянным кантролі прафсаюзаў. У мінулым годзе прафсаюзы ініцыіравалі ўвядзенне адпаведных мер па рэгуляванні цэн на сацыяльна значныя тавары, і гэта дало эфект. Напрыклад, кожны тыдзень мы праводзім маніторынг цэн на харчовыя тавары ў двух магазінах райцэнтра — гандлёвай сетцы «Еўраопт» і магазіне «Забота» Стаўбцоўскага філіяла Мінскага абласнога спажывецкага таварыства. Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда ў сваім выступленні на Усебеларускім народным сходзе ў чарговы раз звярнуў увагу на неабгрунтаванае павышэнне цэн. На мінулым тыдні ўрад краіны ўвёў істотныя абмежаванні на рост цэн у адносінах да 62 сацыяльна значных тавараў і 50 медпрэпаратаў.
Варта адзначыць, што VI Усебеларускі народны сход вызначыў асноўныя напрамкі развіцця нашай краіны на бліжэйшую пяцігодку. Ужо сёння кожнаму з нас неабходна на сваіх працоўных месцах уносіць пасільны ўклад для дасягнення пастаўленых задач.