У паспяховым правядзенні пасяўной кампаніі немалая роля адведзена і прафсаюзам. Аб тым, якія функцыі выконвае грамадская арганізацыя ў перыяды масавых палявых работ, а таксама аб іншых напрамках яе дзейнасці пагутарылі са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Стаўбцоўскага раёна Тамарай Калошыч.
— У напружаны перыяд палявых работ у прафсаюзаў таксама гарачая пара, — адзначыла Тамара Іосіфаўна. — Сёлета напярэдадні пасяўной райкам прафсаюза правёў відэаканферэнцыю са старшынямі пярвічак, падчас якой былі вызначаны задачы прафкамаў па падрыхтоўцы і ўдзеле ў сёлетняй палявой кампаніі. На першы план пастаўлены клопат аб работніках і аказанне ім усебаковай падтрымкі. Мы кантралюем арганізацыю работы сталовых у гаспадарках і забеспячэнне работнікаў гарачым харчаваннем. Сочым за выдачай спецадзення. Удзяляем увагу рабоце душавых і функцыянаванню іншых сацыяльна-бытавых аб’ектаў. А галоўнае — ахова працы: самую непасрэдную ўвагу звяртаем на выкананне работнікамі і спецыялістамі інструкцый. Курыруем і многія іншыя пытанні, якія звязаны з бяспечным правядзеннем палявых работ. Не дапусціць траўматызму — найважнейшая задача.
— Напэўна, адным з галоўных і прыярытэтных напрамкаў работы прафсаюзаў па-ранейшаму застаецца маральнае і матэрыяльнае стымуляванне работнікаў?
— Так. Заахвочваем працаўнікоў, якія паказваюць прыклад у працы. Сярод сельгаспрадпрыемстваў і механізатараў арганізавана раённае спаборніцтва. У таварыствах штодзень падводзяць вынікі работы. Ва ўзаемадзеянні з рэдакцыяй прозвішчы перадавікоў змяшчаем на старонках раённай газеты. У іх гонар узнімаецца сцяг. Увішных працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў заахвочваем падзячнымі пісьмамі райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК і падарункамі.
Ушаноўваем і работнікаў фермаў. Акцыя «Наш жывёлавод» праводзіцца ў раёне на працягу пяці гадоў. Сёлета мы ўзнагародзілі 130 рупліўцаў з усіх гаспадарак. Падчас наведвання вытворчых падраздзяленняў увага была ўдзелена навядзенню парадку на жывёлагадоўчых аб’ектах, паляпшэнню сацыяльна-бытавых умоў жывёлаводаў, стымуляванню аплаты працы работнікаў, павелічэнню эфектыўнасці вытворчасці, паляпшэнню якасці прадукцыі.
— Сацыяльныя гарантыі і льготы работнікам прадугледжвае і калектыўны дагавор.
— У кожнай арганізацыі наймальнікамі заключаны з прафсаюзамі калектыўныя дагаворы, якія гарантуюць працаўнікам сацыяльныя льготы. Пералік ільгот, якімі карыстаюцца работнікі, распрацоўваецца індывідуальна, з улікам рэкамендацый і фінансавага стану гаспадарак. Згодна з арт. 365 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, усе калектыўныя дагаворы прадпрыемстваў і арганізацый, якія ўваходзяць у наш прафсаюз, дапоўнены, у параўнанні з дзеючым заканадаўствам, дадатковымі льготамі, гарантыямі і кампенсацыямі, якія распаўсюджваюцца на работнікаў — членаў прафсаюза.
У сельгасарганізацыях аказваюць матэрыяльную дапамогу тым, хто перахварэў на каранавірусную інфекцыю. Пасля перанесенай небяспечнай хваробы многія работнікі пабывалі ў санаторыях. Пераважна ўсе пуцёўкі аплачаны сельгаспрадпрыемствамі. Акрамя гэтага, прафкамамі гаспадарак, а таксама райкамам прафсаюза працаўнікам была аказана матэрыяльная дапамога.
— А ў чым заключаецца галоўная задача прафсаюзаў?
— Абараняць працоўныя правы і законныя інтарэсы членаў прафсаюза. За першы квартал бягучага года намі праведзена чатыры маніторынгі па выкананні наймальнікамі заканадаўства аб працы, падчас якіх выяўлена дзевяць парушэнняў, сем з іх ухілены. Гэта нясвоечасовыя выплаты заработнай платы і адпускных, выплаты па калектыўных дагаворах, нясвоечасовы разлік з работнікам пры звальненні. Выдадзены дзве рэкамендацыі. Абаронены працоўныя правы трыццаці членаў прафсаюза. Работнікам выплачана неданалічаных ім 2135 рублёў.
— У сувязі з пандэміяй летась не праводзіліся масавыя спартыўныя і культурныя мерапрыемствы. Гэта зразумела, а ці плануецца іх арганізацыя сёлета?
— Абавязкова. Намі ўжо складзены расшыраны план па правядзенні конкурсаў і спартакіяд сярод вясковых працаўнікоў. Ёсць і новыя цікавыя задумкі. Адновім экскурсійныя паездкі. Калі эпідэміялагічная абстаноўка дазволіць, то намечаную праграму пастараемся выканаць.
Сорак сем работнікаў з усіх гаспадарак раёна аздаравіліся сёлета ў санаторыях УП «Белпрафсаюзкурорт».