Не першы год у раёне ладзіцца акцыя “Партфель першакласніка”, арганізатарамі якой выступаюць раённае аб’яднанне прафсаюзаў, раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь” і райкам БРСМ. Вось і сёлета яны падрыхтавалі падарункі для 55 першакласнікаў, якія выхоўваюцца ў мнагадзетных і праблемных сем’ях, а таксама тых, хто мае праблемы са здароўем. Частка патрфеляў арганізатарамі акцыі была ўручана дзецям непасрэдна ў час святочнага мерапрыемства. Тыя ж, хто не змог дабрацца ў райцэнтр, атрымалі падарункі дома.
Трэба было бачыць тварыкі дзяцей, якія сталі ўдзельнікамі казачнага шоу, дзе гаспадарылі героі вядомых ім мультсерыялаў – Сімка з “Фіксікаў” і Гоншчык са “Шчанячага патруля” (з гэтымі ролямі выдатна справіліся артысты тэатральнай студыі “Ліманад” з Дзяржынска).
З захапленнем назіраў Аляксей Мацкевіч за дачушкай Ксеніяй, якая таксама, як і многія іншыя хлопчыкі і дзяўчынкі, атрымала запрашэнне на свята.
– Ксюша паўдзельнічала ва ўсіх конкурсах, якія дзецям прапаноўвалі мультыплікацыйныя героі. Шчыра парадавалася яна і атрыманаму падарунку з надпісам “Партфель для першакласніцы”, – сказаў Аляксей, калі мы папрасілі яго падзяліцца ўражаннямі ад мерапрыемства, бо ў асноўным дзяцей у Палац культуры прыводзілі мамы і бабулі. – Арганізатарам толькі словы падзякі за хвіліны радасці, падораныя нашым дзецям напярэдадні Дня ведаў.
Шчыра дзякавалі за падарункі арганізатарам акцыі бацькі і дзеці, да каго госці з ружовымі і блакітнымі партфелямі ў руках завіталі пасля абеду на дом.
– Дзень ведаў – значная падзея для любога школьніка, а для першакласніка асабліва. Для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія толькі ступаюць на дарогу ведаў, важным з’яўляецца ўсё: і малюнак на школьным партфелі, і яго начынне, і абноўка, спецыяльна купленая да школы, і букет, які яны падарыць настаўніцы. Ад гэтага ў сукупнасці залежыць і настрой, з якім дзеці пойдуць у школу, – адзначае старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Кананенка. – Упэўнена, што атрыманыя напярэдадні 1 верасня падарункі толькі дабавяць хлопчыкам і дзяўчынкам станоўчых эмоцый.
Па матэрыялах газеты «Чырвоная зорка»