З 14 ліпеня ў раёне штодзённа працуе грамадская прыёмная (графік яе работы публікуецца ў суботніх выпусках нашай газеты і штодзень на сайце). Прыёмы грамадзян вядуць прадстаўнікі прафсаюзных і іншых грамадскіх арганізацый, спецыялісты рознага профілю, у тым ліку з абласных службаў, і гэта дае магчымасць задаць сваё пытанне «па адрасу».
Падключыўся да работы грамадскай прыёмнай і дэпутат парламента Іван Мамайка.
У пачатку тыдня мы таксама наведалі грамадскую прыёмную ў Стоўбцах, каб пацікавіцца, як арганізавана яе работа, якія пытанні хвалююць жыхароў раёна.
Варта сказаць, што яны актыўна выкарыстоўваюць магчымасць тэлефоннага звароту, аднак ёсць і тыя, хто аддае перавагу асабістаму візіту.
Адразу пасля адкрыцця, а гэта ў 13.00, грамадскую прыёмную наведалі двое чалавек. У абодвух, як высветлілася, аналагічныя пытанні, з якімі раней звярталіся ў Стаўбцоўскае АКС. Так, па словах заяўнікаў, у доме ў Стоўбцах перыядычна здараецца прарыў каналізацыйнуай трубы ў падвальным памяшканні, а ў доме ў Новым Свержані патрабуецца замена ўчасткаў водаправоднай і каналізацыйнай трубаў, таму што непрыемныя пахі пападаюць у кватэру. З вёскі Дразды па тэлефоне паступіла пытанне аб слабым напоры ў сістэме водазабеспячэння і вадзе ржавага колеру, з пахам жалеза.
Для эфектыўнага рэагавання на кожны зварот старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Ларычэў, адказны за гэты прыём, аформіў асобную рэгістрацыйна-кантрольную картачку, у якой указаў канкрэтныя службы і асоб, якім даручана вырашэнне пытанняў (у тым ліку з выездам на месца, правядзеннем камісійнага абследавання і інш.).
Да размовы падключылася і начальнік аддзела водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі дзяржаўнага аб’яднання «ЖКГ Мінскай вобласці» Дар’я Бажутава, якая ўдакладніла:
— У вёсцы Дразды ў 2021 годзе запланавана будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады за сродкі рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Што датычыць іншых пытанняў водазабеспячэння, то сітуацыя вывучаецца з улікам таго, што з ліпеня бягучага года адбылася рэарганізацыя, і ўсе водаправодныя сеткі і збудаванні на тэрыторыі раёна перададзены на баланс спецыялізаванай арганізацыі — КУП «Слуцкводаканал».
Да кампетэнцыі камунальнікаў адносіцца і яшчэ адно ўзнятае ў грамадскай прыёмнай пытанне — недахоп у Стоўбцах грамадскіх туалетаў, у прыватнасці ў раёне бальніцы, дзе вялікая колькасць ларкоў, магазінаў і іншых аб’ектаў з масавым знаходжаннем людзей. Такую ж праблему акрэслілі стаўбчане і ў раёне вакзала ў сувязі з закрыццём аўтастанцыі на рэканструкцыю.
Хвалюе людзей, што ў паліклініцы не занятая пасада ўрача-эндакрынолага і інш.
Тэрміны вырашэння ўсіх агучаных пытанняў — стандартныя, вызначаныя заканадаўствам: 15 дзён, калі не патрабуецца дадатковае разбіральніцтва, і 30 дзён, калі неабходна разбіральніцтва.