Перад ад’ездам дэлегацыі раёна на форум Юрый Ларычэў даў інтэрв’ю нашай газеце.
— Юрый Іванавіч, з якім настроем дэлегацыя нашага раёна адпраўляецца на з’езд?
— VIII з’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – значная падзея ў грамадскім жыцці нашай краіны. Для нас ганарова і разам з тым адказна прадстаўляць раён на гэтым маштабным форуме. На з’ездзе будуць вызначаны асноўныя напрамкі работы на бліжэйшыя пяць гадоў. Усе яны будуць адлюстраваны ў праграме дзейнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на гэты перыяд. Мы ўжо працуем над даным дакументам. І для нас важна, каб у ім былі прадстаўлены інтарэсы і праблематыка, актуальная і для нашага раёна.
— Што вам бачыцца першаступенным?
— Найперш, устойлівае развіццё эканомікі рэгіёна, павышэнне ўзроўню і якасці жыцця людзей; у нашым невялікім горадзе з праблемамі працаўладкавання – забеспячэнне поўнай і прадуктыўнай занятасці з дастойнай заработнай платай; захаванне дзяржаўнага рэгулявання на камунальныя паслугі, газ, паліва, электраэнергію, медыкаменты, сацыяльна значныя тавары і паслугі; сацыяльная абароненасць членаў прафсаюзаў і многія іншыя пытанні.
— Юрый Іванавіч, на з’ездзе будуць падведзены вынікі работы федэрацыі за пяць апошніх гадоў па ўсіх напрамках. Які ўнёсак прафсаюзаў Стаўбцоўшчыны?
— За гэты перыяд у Стаўбцоўскім раёне праведзены 44 прававыя прыёмы грамадзян, на якія звярнуліся 117 чалавек з 136 пытаннямі. Адзін чалавек адноўлены на рабоце, выплачана працаўнікам каля 4 тысяч рублёў, якія былі незаконна ўтрыманы. Большасці з тых, хто звярнуўся, была дадзена бясплатная юрыдычная кансультацыя. У адпаведнасці з планам работы ФПБ па ажыццяўленні грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства аб ахове працы, штогод рэйдавая група тэхнічнай інспекцыі наведвае наш раён. У мінулым годзе, напрыклад, тэхнічнай інспекцыяй працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі праведзены маніторынгі ў 10 арганізацыях. Па іх выніках выдадзены дзевяць рэкамендацый аб ухіленні 102 выяўленых парушэнняў заканадаўчых актаў аб ахове працы і адна даведка. Акрамя планавых маніторынгаў штогод праводзяцца месячнікі грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства аб ахове працы ў аграпрамысловых арганізацыях падчас важных сельскагаспадарчых кампаній. Толькі ў мінулым годзе быў праведзены такі маніторынг у 46 арганізацыях нашага раёна, па выніках якога 43 кіраўнікам выпісаны рэкамендацыі аб ухіленні выяўленых недахопаў. Пералік значных спраў прафсаюзаў, якія прынеслі вынікі па абароне правоў і інтарэсаў працаўнікоў, можна працягваць. Аднак яшчэ ёсць над чым працаваць. З’езд прафсаюзаў дасць нам новы імпульс для далейшай дзейнасці па абароне сацыяльна-эканамічных і працоўных інтарэсаў усіх катэгорый людзей, занятых у розных галінах.