Галоўны спецыяліст аддзела жывёлагадоўлі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню Барысаўскага райвыканкама Святлана Навумчык і старшыня Барысаўскага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Антаніна Котава ўзнагародзілі 31 жывёлавода і аператара машыннага даення філіяла «Вялікія Навасёлкі» УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» ААТ «Мінскаблхлебпрадукт».
— Акцыя «Наш жывёлавод» праводзіцца з 2016 года, і, на маю думку, гэта выдатная магчымасць чарговы раз падзякаваць работнікам жывёлагадоўлі за працу, — паведамляе Антаніна Котава. — Акцыя стартавала 15 снежня мінулага года у Вяляцічах, дзе знаходзіцца новы малочна-таварны комплекса «АФТАБ». І далей пачалі планамерна ўзнагароджваць усе МТК і фермы Барысаўскага раёна.
Па словах прафсаюзнага лідара АПК, пры падвядзенні вынікаў акцыі ідзе маніторынг умоў працы галіны жывёлагадоўлі, заробак, наяўнасць сродкаў індывідуальнай бяспекі, абсталяванне пакояў для адпачынку, душавых, распранальняў, забяспечанасць медаптэчкамі, ацэньваецца таксама праходжанне інструктажоў па ахове працы.
— У выніку, калі ўзнікаюць парушэнні, даём рэкамендацыі і час кіраўнікам на іх ліквідацыю, — працягвала Антаніна Сцяпанаўна.
Аднак у гэты раз не хацелася гаварыць ні пра якія недахопы — узнагароджваць жа едзем!
На жывёлагадоўчым комплексе па вытворчасці малака філіяла «Вялікія Навасёлкі» як раз прайшла абедняя дойка.
На вуліцы пачалі збірацца героі-працаўнікі. Пад гучныя апладысменты начальніца комплекса атрымала з рук галоўнага спецыяліста аддзела жывёлагадоўлі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню Барысаўскага райвыканкама Святланы Навумчык удзячнасць: МТК «Навасёлкі» філіяла «Вялікія Навасёлкі» УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» у мінулым годзе дасягнуў сярэдняга ўдоя на карову звыш 8800 кг. Прымайце віншаванні!
Следам пад гучныя воплескі ўзнагароды і падарункі атрымалі лепыя жывёлаводы і аператары машыннага даення. Знайшліся лідары і на другім комплексе, які знаходзіцца непадалёку.
Працяг ганаровай місіі адбыўся ў аддзяленні «Маясееўшчына» філіяла «Вялікія Навасёлкі». МТК знаходзіцца за 50 км ад філіяла, але пра тое, каб перадаць узнагароды, гаворкі нават не ішло: нас чакаюць, ды і сумуюць людзі без свят, нават самых маленькіх, у жыцці, без сустрэч.
У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй зноў віншавалі лепшых на вуліцы. Не надта ўтульна, шчыра кажучы, затое бяспечна. На МТК «Маясееўшчына» працуюць 30 чалавек. Начальнікам комплекса з’яўляецца Юлія Арэшка.
Дойны статак МТК «Маясееўшчына» налічвае 740 галоў, агульная колькасць з маленькімі цяляткамі — 1100. Летась МТФ дасягнуў сярэдняга ўдоя на карову звыш 8600 кг. Ёсць чым ганарыцца і за што дзячыць.
Вяртацца з так званага падарожжа было прыемна — сустрэліся са шчырымі людзьмі, падыхалі свежым паветрам, ды і нагода паездкі была цудоўная.
Акцыя працягваецца, а гэта значыць — наперадзе яшчэ шмат прыемных сустрэч і радасных момантаў.