Падчас сустрэчы Міхаіл Бода адразу нагадаў, што такая акцыя ініцыіравана Рэспубліканскім камітэтам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і праходзіць ужо чацвёрты год.
– Прафсаюзныя актывісты наведваюць жывёлагадоўчыя фермы, праводзяць маніторынг умоў працы работнікаў, ушаноўваюць перадавікоў вытворчасці, – працягваў абласны прафсаюзны лідар. – І мне хацелася б пачуць, як вы працуеце, як праходзяць вашы будні, ці створаны ўмовы для адпачынку.
Тэхнік-асемянатар Кацярына Цыбульская адзначыла, што на малочнатаварнай ферме «Баркі» працуюць 13 чалавек. Калектыў зладжаны, кожны работнік ведае і выконвае свае непасрэдныя абавязкі, пры неабходнасці прыходзяць адзін аднаму на дапамогу. На ферме ўтрымліваецца 160 галоў дойнага статку, а таксама цяляты. Надоі цяпер невысокія – у сярэднім па 10 кілаграмаў на карову ў суткі, але гэта больш, чым надойвалі летась. Кацярына Цыбульская падрабязна расказала аб рацыёне кармлення навацельных кароў, аб тым, што ў аператараў машыннага даення кароў два выхадныя дні, бо працуе падменная даярка, неблагая і зарплата – ад 620 да 790 рублёў, і выплочваецца яна своечасова. Пэўны час, калі бурылі шчыліну, былі праблемы з вадой, але зараз ёсць і гарачая вада, і халодная. Пагутарыўшы аб надзённых справах, Міхаіл Бода акцэнтаваў увагу на тым, што людзям трэба заўсёды выказваць падзяку за іх працу, за адданасць прафесіі, за нераўнадушныя адносіны да выканання ўскладзеных на іх абавязкаў. І дадаў:
– Канечне, хацелася б, каб рэзультаты былі лепшымі, але ж па ўсім бачна, што кожны з вас шмат гадоў і добрасумленна працуе ў жывёлагадоўлі. Мае пажаданні, каб вы і надалей працавалі плённа, з поўнай самааддачай, а мы, у сваю чаргу, будзем узнімаць вам настрой добрым словам і матэрыяльнай падтрымкай.
Падзячныя пісьмы Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК і ўшанаванні ў гэты дзень прымалі аператары машыннага даення кароў Ніна Казлова і Людміла Пыжык, лабарант хіміка-бактэрыялагічнага аналізу Ганна Глінчык і тэхнік-асемянатар Кацярына Цыбульская. Аператар машыннага даення кароў Люся Кляшчонак, жывёлавод Міхаіл Мядзелец і слесар Аляксей Цвіль атрымалі падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК. Разам са словамі ўдзячнасці ўсяму калектыву былі ўручаны прысмакі для чаяпіцця.
Пасля ўшанавання госці падоўжылі знаёмства з жывёлаводамі і іх умовамі працы, а напрыканцы сустрэчы падкрэслілі, што агульны поспех дасягаецца толькі стараннасцю і адказнасцю ўсіх і кожнага.