На абмеркаванне выносілася пытанне “Аб ходзе выканання Комплексу мер па рэалізацыі Асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады прафсаюзнымі арганізацыямі і іх структурамі, размешчанымі на тэрыторыі Уздзенскага раёна”. На пасядэнні прысутнічалі прадстаўнікі пярвічных прафсаюзных арганізацый, старшыні галіновых райкамаў прафсаюзаў.
У рабоце савета прынялі ўдзел загадчыца аддзела арганізацыйнай і грамадскай работы Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Вольга Камалетдзінава, намеснік старшыні райвыканкама Анжэла Федчанка.
З дакладам выступіла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Кананенка. У iм быў зроблены аналіз сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў розных накірунках дзейнасці. Старшыня раённага аб’яднання звярнула ўвагу на дзейнасць прафсаюзаў, якія сваю ролю бачаць у абароне інтарэсаў і правоў працаўнікоў. Яна прывяла вынікі маніторынгу па назіранні, аналізе, ацэнцы захавання працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў працуючых на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Было адзначана, што не выконваецца норма Генеральнага пагаднення аб давядзенні сярэдняй заработнай платы працаўнікоў бюджэтных арганізацый да ўзроўню 80 працэнтаў у цэлым па краіне. Гэтая праблема датычыць каля 25 працэнтаў працаўнікоў бюджэтных арганізацый.
У пытанні аплаты працы і працоўных адносін прафсаюзы звярнулі ўвагу на выплату заработнай платы ў апошнія дні месяца, а не да 25 чысла, як прапісана ў калектыўных дагаворах, у пагадненні паміж раённым выканаўчым камітэтам і раённым аб’яднаннем прафсаюзаў.
– У апошні час, на жаль, намецілася негатыўная тэндэнцыя, калі ў некаторых арганізацыях раёна пачынаюць ўносіць змены ў калектыўныя дамовы з мэтай пераносу тэрмінаў выплаты заработнай платы на апошнія дні месяца. Прафкамы пры гэтым узгадняюць такія змены, прыняўшы бок наймальніка, тым самым парушаючы пункты пагаднення і артыкул 362 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, дзе прапісана: “Умовы калектыўнага дагавору, пагаднення, якія пагаршаюць стан працаўнікоў у параўнанні з заканадаўствам, з’яўляюцца несапраўднымі. Генеральнае пагадненне з’яўляецца асновай для тарыфных і мясцовых пагадненняў, калектыўных дагавораў”, — звярнула ўвагу Н. Кананенка.
Таксама было адзначана аб кантролі сітуацыі з недапушчэннем не падаўжэння кантрактаў па ініцыятыве наймальнікаў з асобамі працаздольнага ўзросту. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў падняла пытанне, што ў раёне з 55% працуючых заключаны кароткатэрміновыя кантракты, на адзін год, а не на больш працяглы тэрмін, а з добрасумленнымі работнікамі кантракт павінен заключацца на максімальны тэрмін. “Такая норма сёння ўключана ў якасці рэкамендацыйнай у генеральнае і раённае пагадненні. Таксама яна перанесена ў шэраг галіновых пагадненняў і многія калектыўныя дагаворы. І ў гэтых выпадках наймальнік абавязаны працягваць працоўныя адносіны з добрасумленнымі работнікамі на максімальны тэрмін”, – спынілася на гэтым пытанні ў сваім дакладзе Наталля Васільеўна.
Раённае аб’яднанне прафсаюзаў надае вялікую ўвагу ахове працы. Гэта цэлы комплекс пытанняў – ад кантролю за забеспячэннем людзей неабходнымі сродкамі індывідуальнай абароны, стварэння прымальных бытавых умоў і да ўдзелу ў расследаванні няшчасных выпадкаў на вытворчасці.
Кантроль аховы працы вядзецца пастаянна, для гэтага ў прафсаюзных арганізацыях працуюць грамадскія інспектары. У раёне налічваецца больш як 156 грамадскіх інспектараў па ахове працы.
Зразумела, больш за ўсё пад маніторынгі і праверкі стану аховы працы трапляе аграпрамысловы комплекс. Гэта месячнікі напярэдадні правядзення пасяўной і ўборачнай кампаній, падрыхтоўцы да зімы, маніторынг тэмпературнага рэжыму і многае іншае.
Тэхнічная інспекцыя працы ФПБ таксама штогод праводзіць маніторынгі ва ўсіх раёнах і гарадах рэспублікі. Згодна з зацверджаным графікам працы, у маі два дні бягучага года тэхнічнымі інспектарамі ФПБ праводзіўся маніторынг праверкі стану аховы працы ў арганізацыях і на прадпрыемствах Уздзенскага раёна. Пытанні стану аховы працы былі вывучаны ў 9 арганізацыях раёна, па выніках якіх выдадзена 9 рэкамендацый на ліквідацыю 48 выяўленых парушэнняў заканадаўчых актаў аб ахове працы.
У абмеркаванні пытання аховы працы на прадпрыемствах быў зроблены аналіз няшчасных выпадкаў, праведзены маніторынг вытворчага траўматызму. Рэзюмавалася, што большасць з іх адбыліся па прычыне парушэння пацярпелымі працоўнай і вытворчай дысцыпліны, інструкцый па ахове працы, а таксама неналежнага кантролю за гэтым кіраўнікамі і спецыялістамі арганізацый.
Значэнне калектыўных дагавораў з кожным годам узрастае, дзякуючы гэтай форме ўзаемадзеяння прафсаюзаў і наймальнікаў вырашаюцца шматлікія пытанні абароны працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў.
– У раёне зарэгістравана 57 “мясцовых канстытуцый”, у 5 арганізацыях на членаў прафсаюзаў распаўсюджваюцца калектыўныя дагаворы вышэйстаячых арганізацый. Актывісты прафсаюзнага руху з ліку моладзі сёння ў многіх арганізацыях з’яўляюцца членамі прафкама, а 6 з іх – старшынямі прафсаюзнага камітэта. Прафсаюзныя камітэты выступаюць з ініцыятывай захавання і пашырэння нормаў калектыўных дагавораў, якія тычацца ўмацавання здароўя работнікаў, паляпшэння ўмоў санітарна-бытавога абслугоўвання, стварэння спрыяльных умоў для забеспячэння эфектыўнага адпачынку і аздараўлення дзяцей работнікаў, – агучыла Наталля Кананенка.
Завяршылася мерапрыемства ўзнагароджаннем пераможцаў раённага агляду-конкурсу на лепшую пярвічную прафсаюзную арганізацыю раёна. Першае месца заняла пярвічная прафсаюзная арганізацыя лясгаса “Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў лесу і прыродакарыстання” (старшыня Алег Варакса), другое месца – пярвічная прафсаюзная арганізацыя бібліятэчных работнікаў раёна прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму (старшыня – Жанна Вярбіцкая), трэцяе – у пярвічкі Хатлянскай сярэдняй школы (Алена Мяцілка). Пераможцы адзначаны дыпломамі раённага аб’яднання прафсаюзаў і грашовымі прэміямі.
Па матэрыялах газеты «Чырвоная зорка»