У гэтыя дні віншаванні з працоўнай перамогай прымалі хлебаробы сельгасфіліяла «Чырвоны май». Камбайнеры Дзмітрый Прановіч і Дзмітрый Марцінчык заканчвалі ўбіраць яравы ячмень на полі каля вёскі Плітніца, калі да іх прыехалі старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў Уладзімір Філімонаў і старшыня Пухавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Людміла Гулякевіч.
— Вялікі дзякуй за вашу нялёгкую і такую важную працу, — адзначыў Уладзімір Мікалаевіч. — Сёння дзякуючы кожнаму камбайнеру, які працуе ад цямна да цямна ў полі, ствараецца харчовая бяспека нашай краіны. Свой уклад у агульны каравай уносіць кожны камбайнер, вадзіцель, аператар зернесушыльнага комплексу.
У гэтым годзе ў сельгасфіліяле «Чырвоны май» атрымліваюць ураджайнасць вышэйшую за леташнюю. З кожнага гектара хлебаробы намалочваюць па 32 цэнтнеры збожжа.
Камбайнер Дзмітрый Марцінчык у дзень намалочвае па 65-70 тон збожжа. Гэты год для яго ў якасці камбайнера юбілейны: дзясятае жніво.
— Нядрэнная ў гэтым годзе вырасла ў нас пшаніца, — дзеліцца камбайнер. — Працую з асаблівым задавальненнем. Калі палі добрыя, магу ў дзень да 30 гектараў убраць. Але ёсць і палеглыя ўчасткі, каб абмалаціць іх, даводзіцца памяншаць хуткасць у два разы, стараюся, каб не застаўся ўраджай на полі.
У гэты дзень ганаровыя граматы і падарункі Уладзімір Філімонаў і Людміла Гулякевіч уручылі таксама дыспетчару СГФ «Дрычын» Святлане Апята і аграному-насенняводу Вользе Фіневіч.
— Мы стараемся адзначыць людзей, якія працуюць не толькі на збожжаўборачных камбайнах або аўтамашынах, але і выконваюць іншую не менш важную работу на жніве, — адзначыла Людміла Фёдараўна. — Бо ад ўкладу кожнага залежыць поспех усяго калектыву сельгаспрадпрыемства.
gorka.by [1]
Ссылки в статье:
[1] gorka.by: http://www.gorka.by/xlebaroby-selgasfiliyala-chyrvony-maj-atrymali-vinshavanni-ў-poli/