Насуперак цяжкасцям і дзякуючы старанню дружная каманда механізатараў таварыства спрацавала на выдатна: закладзена трывалася аснова будучаму ўраджаю. Сярод адзначаных падзячнымі пісьмамі райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і Артур Рокаш, які шчыраваў на падрыхтоўцы глебы.
Артур Ігаравіч – малады спецыяліст. Сёлета вярнуўся працаваць на малую радзіму пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Кіраўніцтва таварыства прызначыла выпускніка вышэйшай навучальнай установы на пасаду інжынера па эксплуатацыі машынна-трактарнага парку. Адначасова ў перыяд масавых палявых кампаній Артур Ігаравіч садзіцца на трактар, за штурвал камбайна і шчыруе на палетках. Варта адзначыць, што на працягу пяці гадоў вучобы ён таксама працаваў падчас студэнцкіх канікулаў на збожжаўборачным камбайне, і сярод маладзёжных экіпажаў кожны сезон малады чалавек дабіваецца высокага намалоту збожжа. І сёлетні – не выключэнне. А пачынаў хлебаробскую справу памочнікам у бацькі, на той час перадавога камбайнера гаспадаркі.
Таксама адзначаны за шчырую працу в. а. галоўнага агранома Дзмітрый Янкоўскі і загадчык гаража Сяргей Амельчыц, які завіхаўся на сяўбе. Механізатары Сяргей Бандаровіч і Мікалай Алісіевіч вызначыліся на ворыве і ўнясенні мінеральных угнаенняў.
Своечасова пасеялі азімыя збожжавыя і працаўнікі ААТ «Каганец». За надзейную падрыхтоўку тэхнікі да сяўбы ўзнагароджаны галоўны інжынер Андрэй Клімко. Паказалі высокія вынікі на ворыве і падрыхтоўцы глебы механізатары Алег Ганчарэнка, Васілій Кажамяка і Аляксандр Кавалёў.
Усіх вышэйназваных добрасумленных спецыялістаў і механізатараў павіншавала з працоўнай перамогай, уручыла падзячныя пісьмы і падарункі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара