ПРАПАНАВАЛІ ПРАЦУ Ў ЖЫВЁЛАГАДОЎЛІ
Сям’я Дзеркачовых прыехала на Стаўбцоўшчыну пяць гадоў назад. З Данецка. Патрэбны былі работа і жыллё. Рэальна працаўладкавацца на такіх умовах можна было толькі ў сельскай гаспадарцы.
— Нам параілі звярнуцца да кіраўніка ААТ «Рубяжэвічы», — расказвае Алег Аляксандравіч. — Дырэктар уважліва выслухаў і прапанаваў працу ў жывёлагадоўлі. Работа незнаёмая, нялёгкая, але выбіраць не прыходзілася. І мы згадзіліся. Нам выдзелілі дом з выгодамі ў Новых Рубяжэвічах.
Алег Дзеркачоў прыняў малочнатаварную ферму «Гнецькі». Спачатку прыходзілася даволі нялёгка. Калектыў хоць і невялікі, але ў кожнага свой характар, сваё меркаванне і свае патрабаванні. Трэба было, так бы мовіць, «прыцірацца». Маючы вопыт работы з людзьмі, Алег Аляксандравіч хутка наладзіў добрыя адносіны з падначаленымі.
— Паступова ўваходзіў у курс спраў, — гаворыць Алег Дзеркачоў. — У жывёлагадоўчай галіне (як неўзабаве зразумеў, самай нялёгкай у сельскай гаспадарцы) прысутнічае свая спецыфіка работы. Ёсць нямала і розных нюансаў, бо справу маеш з жывой істотай. Кірую працэсам, афармляю справаздачы. Працягваю самаўдасканальвацца. Чытаю спецыяльную літаратуру, пастаянна адсочваю інфармацыю ў інтэрнэце. Навучыцца можна ўсяму, было б жаданне.
Алег Аляксандравіч падтрымлівае ў калектыве дысцыпліну. Таму і паказчыкі па надоях малака і прывагах жывёлы неблагія. Па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ферма лідзіруе ў гаспадарцы і першынства не саступае.
У жывёлагадоўчых памяшканнях утрымліваецца 600 галоў буйной рагатай жывёлы. Малако перапрацоўшчыкам паступае пераважна найвышэйшым гатункам. Па словах брыгадзіра, нямала прыйшлося над гэтым пытаннем папрацаваць — пераканаць людзей у тым, што зарплата залежыць не толькі ад колькасці малака, але і ад яго якасці.
— Ферма наша не новая і патрабуе мадэрнізацыі, — дадае Алег Аляксандравіч. — Упэўнены, што ў найбліжэйшы час так яно і будзе. Дырэктар таварыства малады, энергічны, працуе на перспектыву. А пакуль што праводзяцца рамонты. Летась пераварылі стойлы ў памяшканні, дзе ўтрымліваецца дойны статак. Ніколі няма праблем з кармамі. Вось і сёлета на зімоўку жывёле нарыхтавана ў дастатковай колькасці сена, сенажу і сіласу. Завозяць вітамінна-мінеральныя дабаўкі.
Брыгадзір сочыць за парадкам на ферме. З вясны да восені яе тэрыторыю ўпрыгожваюць кветкі, зроблены і малыя архітэктурныя формы.
Жонка Алега Аляксандравіча таксама шчыруе на ферме. Пачынала аператарам машыннага даення, была памочніцай брыгадзіра, а цяпер Вольга Юр’еўна рупіцца цялятніцай. Прыбаўленні ў вазе маленькіх гадаванцаў у яе групе самыя высокія ў гаспадарцы. І захаванасць цялят стапрацэнтная. Варта сказаць, што жанчына працавала ў Данецку выхавацелем у дзіцячым садку. Змяніла прафесію, але таксама мае справу з малышамі. І выконвае свае абавязкі сумленна.
Працяг pramen-news.by [1]
Ссылки в статье:
[1] pramen-news.by: http://www.pramen-news.by/?p=41214