У гэтыя напружаныя дні жніва хлебаробы не застаюцца адзін на адзін з найважнейшай справай. Ім дапамагаюць, падтрымліваюць, ствараюць настрой, ушаноўваюць. Асаблівую ўвагу сельскагаспадарчай кампаніі надаюць прафесіянальныя саюзы аграпрамысловага комплексу. Вось і ў мінулую пятніцу Вілейшчыну наведалі старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў, кіраўнік Мінскага абласнога галіновага прафсаюза Міхаіл Бода. Разам са старшынёй Вілейскага раённага выканаўчага камітэта Алегам Бегунцом, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандрам Завацкім і старшынёй раённага камітэта работнікаў АПК Аляксандрам Брылём яны наведаліся ў гаспадаркі Вілейшчыны, дзе ў пятніцу былі ўжо названы першыя тысячнікі на жніве.
Першай гаспадаркай, куды з прыгожай місіяй прыехалі вышэйназваныя ганаровыя госці, было ААТ «Новая Вілія» – тут вадзіцель Пётр Мінін першым у раёне перавёз тысячу тон збожжа.
З восемдзясят першага года працуе Мінін у гаспадарцы, за гэты час стаў сапраўдным прафесіяналам сваёй справы. Вось і ў сваёй машыне, якой адзінаццаць гадоў, кожны вінцік перабраў-падладзіў сваімі рукамі, каб хаця не здаралася ніякіх сур’ёзных паломак у адказную жніўную пару.
Наведаліся прафсаюзныя прадстаунiкі ў селішчанскую сталовую, якая двойчы ў дзень адпраўляе на палеткі палявую кухню – карміць хлебаробаў. Повар Алена Матус расказала, што працуе ў гаспадарцы тры дзясяткі гадоў. На трыццаць чалавек рыхтуе яна зараз штодня абеды і на крыху меней – падвячоркі. За нялёгкую, але такую важную работу Алене Матус таксама ўручылі Падзячны ліст, падарунак і грашовую прэмію.
У ААТ «Нарачанскія зоры» – гаспадарку, якая вядома сваімі дасягненнямі не толькі на Вілейшчыне, але і за яе межамі. «Нарачанскія зоры» уваходзяць у трыццатку лідараў вобласці па ўраджайнасці збожжавых, а нарачанскія аператары КЗС – у абласной зводцы перадавікоў. З віншавання перадавых аператараў зернесушыльнага комплексу гаспадаркі Эдуарда Радзевіча і Ігара Чараповіча пачалося знаёмства з героямі жніва «Нарачанскіх зораў». На гэты дзень (2 жніўня) на рахунку Эдуарда Эдуардавіча было больш за паўтары тысячы тон збожжа насеннага фонду (зразумела, што працаваць з ім давяраецца самым адказным і кваліфікаваным спецыялістам), а Ігар Пятровіч ужо меў тры тысячы тон дасушанага збожжа.
Да Падзячнага ліста, падарункаў ад абласнога прафсаюза тут далучыўся і кіраўнік гаспадаркі Генадзь Кучко, які цёпла павіншаваў перадавікоў за шчырую працу і ўручыў ім канверцікі, адзначыўшы, што гэта толькі прамежкавае падвядзенне вынікаў, а галоўнае будзе пасля, калі важнейшая сельскагаспадарчая кампанія завяршыцца. А пакуль падзячныя словы, віншаванні і падарункі… У тым ліку і музычныя, якія падаравала добра ўсім знаёмы калектыў «Бабіна лета» (кіраўнік – Сяргей Рудніцкі).
Бацька і сын Гарэлікі ў лідарах на працягу многіх гадоў. Раней галоўным у экіпажы быў Мікалай Аркадзьевіч, а сын яму дапамагаў, цяпер жа ўжо каторы сезон кіруе экіпажам сын, а вопытны бацька – яго першы настаўнік і дарадца – зноў побач, але ўжо ў якасці памочніка. Так ці інакш, але, як кажуць, ад перастаноўкі месцаў вынік не мяняецца – Гарэлікі зноў ў лідарах.
Дзясяты сезон працуе на жніве і яшчэ адзін прадстаўнік яркай дынастыі хлебаробаў – Руслан Садоўскі. Са школьных гадоў хлопец разам са сваім братам жыў клопатамі жніва, дапамагаў бацьку-камбайнеру. Дарэчы, і бацька, і брат сёлета таксама працуюць на жніве. Пасля і сам Руслан стаў камбайнерам, узначальваў маладзёжны экіпаж. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, Руслан працуе зараз у гаспадарцы галоўным інжынерам, а на час жніва садзіцца за штурвал камбайна.
Віншуючы перадавікоў хлебнай нівы Вілейшчыны, сталічныя госці расказвалі ім пра навіны з іншых раёнаў Міншчыны.
Па матарыялах газеты «Шлях перамогi»