Сярод перадавікоў — 11 работнікаў фермаў, і кожнаму з іх былі ўручаны падзячнае пісьмо раённага выканаўчага камітэта і падарунак ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Прыклад паказваюць аператар машыннага даення Алена Райская, жывёлаводы Віктар Бычынскі і Галіна Заварына, аператар па штучным асемяненні Валянціна Паляшчук (МТФ «Засулле»), аператар машыннага даення Алеся Пярмінава, слесары па рамонце і абслугоўванні абсталявання Аляксандр Старажынскі і Віктар Касцюк, брыгадзір вытворчай брыгады Галіна Каробка (МТФ «Зарэчча»), слесары Мікалай Бохан і Якаў Шаламаў, слесар па рамонце і абслугоўванні абсталявання Аляксандр Кобзеў (МТФ «Ячонка»).
Удзячнасць ім за добрасумленную працу прыехаў выказаць першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Іван Загдай.
У некаторых работнікаў, з улікам трохразовай дойкі, быў якраз перапынак у рабоце, некаторыя трапілі на ўрачыстасць непасрэдна з працоўнага месца.
— Вы гордасць раёна, — звярнуўся Іван Міхайлавіч да прысутных, — і дзякуючы вам гаспадарка дабіваецца высокіх вынікаў і займае лідарскія пазіцыі.
Свой калектыў імкнецца падтрымаць і дырэктар гаспадаркі Пётр Малахаў. Па яго ініцыятыве са снежня мінулага года ў ААТ «Каганец» праводзіцца конкурс, так бы мовіць, акцыя «Наш жывёлавод» унутры гаспадаркі, якая дазваляе ўшаноўваць старанных работнікаў па выніках працы літаральна за кожны месяц.
У конкурсе вызначаны чатыры намінацыі, створана камісія ў складзе старшыні прафкама Галіны Шырвель, спецыяліста па кадрах Святланы Манцывода і намесніка галоўнага бухгалтара Марыны Дзяргай. Пры аб’ездзе фермаў да членаў камісіі далучаюцца і брыгадзіры, каб мець магчымасць вучыцца, пераймаць вопыт у калег. За фермамі, дарэчы, замацаваны спецыялісты гаспадаркі, якія не толькі падказваюць, але і ажыццяўляюць кантроль за парадкам у памяшканні і на тэрыторыі.
Такім чынам, адначасова з ушанаваннем у рамках прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод» кіраўніцтвам ААТ «Каганец» былі падведзены вынікі ўнутрыгаспадарчага конкурсу за студзень. Дырэктар Пётр Малахаў уручыў грашовыя прэміі аператару машыннага даення Аксане Маліноўскай, жывёлаводам Галіне Заварынай і Віктару Бычынскаму, а таксама — за першае месца сярод фермаў — калектыву фермы № 2 на чале з брыгадзірам Галінай Каробка.
Кожны жывёлавод атрымаў па 100 рублёў, а калектыў названай фермы — 1000 рублёў. Сапраўды, ёсць да чаго імкнуцца! Акрамя таго, на кожную ферму быў перададзены салодкі пачастунак — торт, каб работнікі маглі разам папіць чаю і сагрэць душу добрай размовай.
— У нашых працаўнікоў нядрэнны заробак, але мы хочам даць ім дадатковы стымул працаваць яшчэ лепш, — кажа старшыня прафкама Галіна Шырвель і тлумачыць: — Яны ўсе вызначаюцца адказным падыходам да справы, перажываюць за агульны вынік.
І яшчэ такая добрая навіна: у пачатку года ААТ «Каганец» набыло 16-месны аўтамабіль ГАЗ А62, на якім плануюць не толькі дастаўляць работнікаў да месца працы, але і выязджаць на экскурсіі, святы.
pramen-news.by [1]
Ссылки в статье:
[1] pramen-news.by: http://www.pramen-news.by/?p=42924