На мінулагоднім жніве браты Макрыцкія працавалі на адным камбайне ААТ “Барысаўская Аграпрамтэхніка”, таксама пераўзышлі па намалоту тысячны рубеж і нават выйшлі пераможцамі раённага спаборніцтва сярод маладзёжных камбайнавых экіпажаў. Сёлета старэйшы з братоў, Сяргей, працуе галоўным інжынерам СУП “Зачысце Агра”, але на перыяд уборкі збажыны сеў за штурвал камбайна гаспадаркі. А былы яго памочнік, малодшы брат Валерый, які па-ранейшаму працуе механізатарам у Аграпрамтэхніцы, на гэты раз сам узначаліў маладзёжны экіпаж абслуговай арганізацыі. Памочнікам у яго цяпер працуе малады механізатар Аграпрамтэхнікі Андрэй Вярцінскі. Маладзёжны экіпаж убіраў азімы рапс, азімую свірэпіцу і збожжавыя культуры ў ААТ “Карсакавіцкі”, а потым прыехаў на дапамогу механізатарам СУП “Зачысце Агра”.
Сёлета ў гэтай гаспадарцы пасевы пад збожжавымі і зернебабовымі культурамі павялічаны ў паўтара раза, і іх плошча перавысіла паўтары тысячы гектараў. Сваімі сіламі хлебаробам было б не па сіле ўбраць вырашчаны ўраджай у аптымальныя тэрміны, каб не дапусціць страт. Таму кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства давялося ўзяць у арэнду яшчэ адзін камбайн у ААТ “Лошніцкі край” і звярнуцца з просьбай аб дапамозе да работнікаў Аграпрамтэхнікі.
Як прызнаўся Валерый, для яго сёлетні сезон уборкі збожжа ўжо дзявяты па ліку. А пачаў працаваць ён у чатырнаццацігадовым узросце памочнікам камбайнера ў свайго бацькі Аляксандра Анатольевіча, які амаль тры дзесяцігоддзі адпрацаваў механізатарам і камбайнерам у эксперыментальнай базе “Эса” Крупскага раёна. Потым быў памочнікам у роднага дзядзькі Віктара Анатольевіча Макрыцкага ў той жа самай гаспадарцы, а апошнія чатыры гады – у старэйшага брата Сяргея.
Абодва браты пачыналі сваю працоўную дзейнасць, ідучы практычна адной і той жа жыццёвай дарогай. Прыняўшы эстафету патомнага хлебароба і пераняўшы любоў да зямлі і нялёгкай сялянскай працы ад свайго бацькі.
Між іншым, у той жа самы дзень Зінаіда Басарэўская і Алена Зяблікава ўручалі Падзячныя пісьмы і каштоўныя падарункі ад раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК і сямейнаму экіпажу ААТ “БарысаўСаюзАгра” ў складзе Пятра і Віталя Касцюкевічаў, якія таксама па намалоце на камбайн пераадолелі рубеж у тысячу тон.
Для Віталя Васільевіча сёлетняе жніво ўжо пятае па ліку, а для сына Пятра – толькі другое. Летась Пётр быў памочнікам камбайнера ў бацькі, а сёлета маладому перспектыўнаму механізатару кіраўніцтва гаспадаркі даверыла ўзначаліць камбайнавы экіпаж. На гэты раз памочнікам у яго аказаўся ўжо бацька.
Гэты сямейны экіпаж, дарэчы, за старанную працу і пераадоленне тысячнага рубяжу па намалоту зерня атрымаў Падзячнае пісьмо і каштоўны падарунак яшчэ і ад Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Такога гонару ўдастоены і вадзіцель-“тысячнік” гэтага ж сельгаспрадпрыемства Уладзімір Драніца. Тысячатонны рубеж на перавозцы зерня ад камбайнаў пераадолеў і другі вадзіцель ААТ “БарысаўСаюзАгра” Уладзімір Лучына, які атрымаў Па-дзячнае пісьмо і каштоўны падарунак ад райкама прафсаюза работнікаў АПК.
Па старонках газеты «Адзiнства»