Перад пачаткам акцыі ў гарадскім парку імя Фелікса Дзяржынскага разгарнуўся сапраўдны забаўляльны комплекс з выставамі работ знакамітых івянецкіх ганчароў і культурнай спадчыны, пунктамі грамадскага харчавання, цірамі і забаўляльнымі комплексамі для самых маленькіх.
На адкрытай сцэне градус настрою шматлікім наведвальнікам перад пачаткам акцыі павышалі мясцовыя самадзейныя мастацкія калектывы. Да прыкладу, цёпла сустрэлі жыхары гарадскога пасёлка і госці мерапрыемства земляка Аляксандра Сабалеўскага — лаўрэата шматлікіх конкурсаў і фестываляў, а таксама каларытных салістак мясцовага дома культуры. Гэта і не дзіва, бо да месца, дзе ты нарадзіўся і вырас, да яго людзей заўсёды асаблівыя пачуцці!
А менавіта такія пасылы — любоў да малой радзімы, гонар за яе дасягненні, працоўныя і асабістыя поспехі сяброў, суседзяў — і з’яўляюцца цэнтральнай тэмай акцыі, праходзяць чырвонай ніткай праз выступленні ўсіх удзельнікаў вялікага ўрачыстага канцэрта. Такімі пачуццямі, эмоцыямі дзяліліся з івянчанамі салісты народнай студыі эстраднай песні «Сярэбраная трэль» з Жодзіна, зорка айчыннай эстрады, чароўная і кранальная Жанет, знакаміты на ўсю Садружнасць Незалежных Дзяржаў гурт «СССР». Незалежнасць Радзімы каштоўная, а адказнасць перад ёй — святы абавязак: гэтаму навучыла Афганская вайна, праз якую прайшлі ў свой час удзельнікі творчага калектыву.
Вікторыя Алешка, Алёна Ланская, Аляксей Хлястоў, беларускі маладзёжны гурт «PROвокация» … Словы іх песень вядомы кожнаму, а таму, калі спявалі гэтыя зоркі, спявалі і ўсе гледачы. А самыя маленькія не пасаромеліся выйсці да выканаўцаў на сцэну, каб разам з імі патанчыць. Выдатна атрымалася, дарэчы. Аказваецца, не такія ўжо і недаступныя тыя, каго паказваюць па тэлевізары падчас вялікіх канцэртаў!
…Наперадзе ва ўсіх нас — новыя слаўныя дасягненні, важныя справы, інавацыйныя тэхналогіі і навуковыя адкрыцці, спартыўныя перамогі і творчыя поспехі. А разам з імі — грандыёзныя выступленні любімых артыстаў краіны. У Заслаўі і Старобіне, Любані і Старых Дарогах, Крупках і Беразіно, Стоўбцах і Снове, Смалявічах, Лагойску, Капылі, Смілавічах, Мядзелі і Радашковічах… Кола канцэртаў замкнецца 8 жніўня ў Ракаве — на той жа зямлі, якая і дала пачатак абласной акцыі.
psl.by [1]
Ссылки в статье:
[1] psl.by: http://psl.by/?p=43605