У Стоўбцах прайшла раённая дыялогавая пляцоўка, на якой былі абмеркаваны змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У яе ўдзельнікаў рэдакцыя газеты пацікавіліся ўражаннямі і агульным настроем ад грамадска-палітычных падзей у Беларусі.
Аляксандр Алісевіч, пракурор раёна
– У праекце змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацаваны асноўныя прынцыпы, прызначэнне, функцыі і асновы арганізацыі, формы і метады дзейнасці дзяржавы. Самым галоўным з’яўляецца тое, што Канстытуцыя надае вышэйшую юрыдычную сілу фундаментальным правам і свабодам чалавека, абараняе яго годнасць. Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі, іх рэалізацыя з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы.
Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, якія вызначаны Канстытуцыяй.
Чым зладжанней і актыўней будуць працаваць інстытуты, закліканыя паляпшаць жыццё людзей і замацоўваць адпаведныя нормы ў нашым заканадаўстве, тым стабільней і мацней будзе не толькі грамадства, але і дзяржава ў цэлым.
Дзяніс Захарчук, старшыня ААТ “Агранёманскі”
– Мерапрыемства вельмі цікавае. З вуснаў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Івана Мамайкі было растлумачана практычна кожнае змяненне, і гэта нікога ў зале не пакінула абыякавым. Думаю, усе давядуць гэтыя змяненні да сваіх працоўных калектываў, сваіх сем’яў. Мы абмяркуем іх у сваіх падраздзяленнях, каб кожны не саромеўся выказацца, у тым ліку не толькі адносна Канстытуцыі, але і задаць жыцейскія пытанні.
Усё ў нас атрымаецца. Змяненні нясуць за сабой тую ж сацыяльную накіраванасць, падкрэсліваючы абароненасць грамадзян. Упэўнены, што рэферэндум адбудзецца, і змяненні, якія мы абмяркоўваем, набудуць моц.
Дзмітрый Ёдчык, начальнік ДЭУ-62
– Для ўсіх жыхароў нашай краіны важна пачуць ад дэпутатаў іх думку, тлумачэнні, як фарміраваліся змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон. У даступным фармаце нам усё прадастаўлена. У калектывах ужо праводзіцца інфармацыйная работа з выездам кіраўніцтва выйшэйстаячых арганізацый, кіраўніцтва райвыканкама. Я асабіста ўдзельнічаю ў гэтых сустрэчах. Расказваем людзям, дзе можна пазнаёміцца з праектам Канстытуцыі, на якіх афіцыйных інтэрнэт-рэсурсах. Ёсць і аўдыяверсія.
Правільныя словы сказаў старшыня райвыканкама. На роліках мы ўбачылі, што адбываецца ў Казахастане. На шчасце, у нас гэтага не дапусцілі. Беларусь — квітнеючая прыгожая краіна. Будуюцца сацыяльна важныя аб’екты. Наша Канстытуцыя захоўвае сацыяльную накіраванасць. Усё для людзей. Гэта – галоўнае.
Іна Карпач, дырэктар ААТ “Рочавічы”
— Я патрыёт сваёй краіны, таму тое, што было сказана, падтрымліваю і данясу да работнікаў сельгаставарыства. Думаю, яны таксама будуць “за” тое, каб Канстытуцыя адпавядала патрабаванням часу і заставалася сацыяльна арыентаванай.
Будзем працаваць з людзьмі, адказваць на іх пытанні. У нас ужо прайшлі дні інфармавання на тэму змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі і ўдзелу ў рэспубліканскім рэферэндуме. Працягнем гэту работу.
Сяргей Блінкоўскі, начальнік Стаўбцоўскага цэха электрасувязі
– Сустрэча прайшла сёння на высокім узроўні. Закранула за жывое выступленне старшыні райвыканкама і менавіта той апошні ролік, які гаворыць пра многае. Сапраўды, падзеі, што адбыліся ў 2020-2021 гадах, раскладзены акурат у тым парадку, у якім неабходна давесці іх да людзей.
Будзем граматна працаваць з людзьмі, даводзіць да іх не толькі змяненні, якія ўносяцца ў Канстытуцыю, але і расказваць пра тое, як падзеі апошніх гадоў трансфармаваліся на жыццё той ці іншай сям’і, пэўнага калектыву.
Настрой у сувязістаў пазітыўны. У адміністрацыйным будынку цяпер праводзім рамонт, таму ёсць часовыя нязручнасці. Спадзяюся, што ў сакавіку завершым работы. Развіваем паслугі для абанентаў з выкарыстаннем оптыкавалаконных ліній сувязі. У горадзе ўвялі ў эксплуатацыю яшчэ два аб’екты (па вуліцах Набярэжнай і Савецкай). Будзем праводзіць уключэнне абанентаў. Яшчэ ў планах на бягучы год – рэалізаваць два праекты (па вуліцах Стадыённай і Якуба Коласа).
Дар’я Доўнар, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў
– Удзельнічаю не ў першай дыялогавай пляцоўцы, але шмат чаго новага вынесла для сябе.
Наша краіна развіваецца, змяняюцца ўмовы жыцця, таму заканадаўства трэба ўдасканальваць, і менавіта ў праекце абноўленай Канстытуцыі адлюстраваны актуальныя моманты нашага жыцця. Вывучыўшы праект Канстытуцыі, магу сказаць, што гэта дакумент для народа. У ім захоўваюцца сацыяльныя гарантыі.
Усе мы жадаем жыць у мірнай краіне, каб была ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Рэспубліканскі рэферэндум – адна з важнейшых падзей у жыцці краіны, таму абноўлены праект Канстытуцыі і з’яўляецца такім запатрабаваным, выступае аб’ектам грамадзянскага асэнсавання. Кожны павінен прыйсці на рэферэндум і зрабіць свой выбар.
Прафсаюзныя арганізацыі раёна актыўна ўключыліся ў абмеркаванне праекта Канстытуцыі і ў работу грамадскай прыёмнай.
Валерый Пугач, дырэктар Стаўбцоўскага РЦК
– Дыялогавая пляцоўка прайшла выдатна. Мы, праўда, хваляваліся, таму што запусцілі ў тэставым рэжыме новы святлодыёдны экран. Набылі яго акурат гэтымі днямі. Цяпер зможам пастаянна выкарыстоўваць на ўсіх мерапрыемствах для паказу відэафільмаў, ролікаў. Такім чынам рыхтуемся да абласнога свята “Дажынкі-2022”. Калі вы заўважылі, падлогу ў раённым цэнтры культуры пашліфавалі, на сцэне – новае пакрыццё. Санвузлы абнавілі.
У Стаўбцоўскім РЦК і яго падраздзяленнях на тэрыторыі раёна працуюць 133 чалавекі. Будзем збіраць загадчыкаў устаноў культуры, каб давесці да іх інфармацыю па праекту Канстытуцыі і рэферэндуму. Таксама плануем выезды ў працоўныя калектывы. Нарэшце пандэмія адыходзіць, і ўсе нашы работнікі ўключаюцца ў нармальны рэжым работы. Цудоўна прайшлі навагоднія святы. Людзі ідуць да нас, каб адпачыць і атрымаць добры настрой. Усім патрэбны мір, спакой, упэўненасць у заўтрашнім дні…
Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ
Фота Ксеніі РУБІН і Наталлі КЛЫГАЧ