Спачатку наведаліся на поле, дзе працавалі камбайнер Сяргей Крывенькі і вадзіцель Іван Баркоўскі.
– Мы ведаем, што ў вас не самыя высокія паказчыкі ў раёне, – працягвае прафсаюзны лідар. – Але не толькі перадавікі заслугоўваюць увагі. Вы таксама працуеце з самааддачай, старанна выконваеце сваю работу, пакідаючы жніўныя палеткі са змярканнем. Мы прыехалі падзякаваць вам за працу і прыўзняць крыху настрой заслужанымі падарункамі.
Сяргей Фадзеевіч уручыў камбайнеру сертыфікат на пэўную суму. А Іван Баркоўскі атрымаў падарунак ад Уладзіміра Філімонава, які павіншаваў хлебаробаў з завяршэннем жніва і пажадаў ім далейшых поспехаў.
Вадзіцеля ААТ “ Мядзельскае аграпрамэнерга” Анатолія Вайцяховіча знайшлі каля сянажнай траншэі, якую гэтымі днямі якраз закладваюць. Дырэктар сельгаставарыства Віктар Васілевіч, які прысутнічаў тут, патлумачыў, што жніво ў гаспадарцы ўжо завершана. Сярод тых, хто вызначыўся падчас яго, –Анатолій Вайцяховіч і камбайнер Валерый Кундра. Для хлопцаў гэта дванаццатае і чатырнаццатае жніво адпаведна. Хто, як не яны, заслугоўваюць падзякі? Уладзімір Філімонаў уручыў Анатолію Станіслававічу сертыфікат. Такі ж чакае і Валерыя Віктаравіча, які ў гэты дзень не змог сустрэцца з гасцямі.
Па матэрыялах газеты «Нарачанская зара»