Сённяшні візіт на Бярэзінчыну старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктара Маліноўскага супаў з прыемнай падзеяй – ушаноўваннем двух вадзіцеляў ААТ «Брадзец», якія ў ходзе жніва дасягнулі тысячнага рубяжа на адвозцы збажыны.
Акрамя цёплых слоў віншаванняў і падарунка лідарам спаборніцтва Віктар Тадэвушавіч пакінуў і істотны падарунак самому сельгаспрадпрыемству – электрычны воданагравальнік.
– Гэты карысны ў быце агрэгат, – сказаў Віктар Маліноўскі, – адрасуецца не толькі сённяшнім удзельнікам жніва, бо будзе ўстаноўлены ў адным з душавых пакояў гаспадаркі, а значыць выкарыстовацца будзе і надалей для санітарна-гігіенічных мэтаў і паляпшэння бытавых умоў работнікаў сельскай гаспадркі. Разумею, што падобныя бойлеры – сёння не раскоша і імі забяспечаны ўсе сельгаспрадпрыемствы. Але ж з часам тэхніка зношваецца, таму, спадзяюся, што падарунак прыйзецца даспадобы.
Дырэктар ААТ «Брадзец» Аляксандр Крук падзякаваў кіраўніка прафсаюзаў вобласці і адзначыў, што вельмі рады бачыць такія праяшленні клопату аб сваіх працаўніках.
Істотным дадаткам гэтай інфармацыі будзе той факт, што аналагічныя падарункі ад прафсаюзаў адрасаваны таксама працаўнікам ААТ «Багушэвічы», «Пагосцкі» і «Бярэзінскі райаграсэрвіс».
Анатоль Палынскі, фота аўтара