2020 год… Памятаеце, як за пяць дзен да правядзення прэзідэнтскіх выбараў Аляксандр Лукашэнка звярнуўся з Пасланнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу? Выступленне беларускага лідара было настолькі кранальным, эмацыйным і на злобу дня, што нікога не пакінула абыякавым, запомнілася ўсім, моцна ўрэзаўшыся ў памяць.
Два гады прайшло, але і да гэтага часу помніцца напружанасць той пары. Паніка і страх, выкліканыя новым врусам – COVID-19. Палітычная вакханалія. Барацьба за ўладу. І спроба палітычнага перавароту. Тады рэальна рабілася страшна – як быць, ці справімся, ці хопіць сіл, чаго чакаць… Трэба было прымаць меры, каб супакоіць людзей, даць месца надзеі і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, проста і даступна патлумачыць што ды як, не даць сябе запалохаць. І ў Аляксандра Лукашэнкі гэта атрымалася. Ён знайшоў патрэбныя словы, сэрцам выказаў эмоцыі, быў шчырым і адкрытым. А фінальныя словы “Любімую не аддаюць” ўвогуле закранулі за жывое. І сёння гэта выказванне – з ліку крылатых. У дадатак да ўсяго яно занатавана як брэнд – “Мерч Першага”, знайшоўшы адлюстраванне на майках, кепках, байках, якія сталі папулярнымі сярод беларусаў рознага ўзросту. І гэта толькі адно выказванне!
Выступленне Прэзідэнта ў 2020-м ужо тады разабралі па цытатах, якія актыўна абмяркоўваліся, стаўшы асновай для правядзення шматлікіх дыскусій. Яны і цяпер не губляюць актуальнасці, бо, як аказалася, Прэзідэнт глядзеў на перспектыву, прадбачачы развіццё падзей, якія хаваліся за пандэміяй, расстаўляючы акцэнты на будучае.
А ці помняць жыхары Узденскага раёна гэта выступленне? Адназначна, як і цытаты, якія застаюцца актуальнымі.
“Ужо вырасла пакаленне беларусаў, што нарадзіліся ў незалежнай краіне, цікавае, вельмі разназнастайнае пакаленне. Нягледзячы на тое, што ў асяроддзі моладзі, як ні ў якім іншым, распаўсюджаны “іншыя меркаванні”, мы ганарымся гэтым пакаленнем, бо яно наша, мы яго выхавалі”.
Яна Бажок, жыхарка райцэнтра:
– Маладыя пакаленні заўсёды па-новаму глядзелі на розныя рэчы. Дастаткова параўнаць, напрыклад, наша пакаленне з пакаленнямі нашых бацькоў ці ўжо нашых дзяцей. Адзінае, што ўсіх нас яднае, гэта адносіны да краіны, у якой мы жывём, працуем, ствараем сем’і, гадуем дзяцей.
Усім, і маладым – асабліва, варта памятаць, што незалежная дзяржава і грамадства фарміруецца з незалежных грамадзян, а сінонімам да слова “незалежнасць” як раз і з’яўляецца “самастойнасць”, а значыць, што кожны чалавек сам нясе адказнасць за свае дзеянні і ўчынкі. І сярод маладых хапае такіх, якія з’яўляюцца прыкладам для равеснікаў, бо ўмеюць аналізаваць, супастаўляць, правільна расстаўляць акцэнты ў жыцці і рабіць адпаведныя высновы.
“Дзяржава пачынаецца з народа, а трымаецца на моцнай і стабільнай кіраўніцкай вертыкалі. Пакуль гэта вертыкаль моцная, карыстаецца даверам народу, краіну расшатаць немагчыма”.
Наталля Крук, старшыня Нёманскага сельвыканкама:
– Я лічу, калі чалавек ўжо зрабіў свой выбар, а менавіта – працаваць у кіраўніцкай вертыкалі, то тут трэба разумець і адначасова памятаць, што па асобных прадстаўнікам гэтай вертыкалі ў грамадзян і складваецца агульнае меркаванне пра ўладу. Таму на сваім месцы, хай гэта кіраўнік мясцовай, раённай ці іншай ступені ўлады, кожны павінен прыкладаць неабходныя намаганні для выканання пастаўленых задач, быць добрасумленным, прыветлівым, сумленным і адкрытым да дыялогу з людзьмі. Калі будзеш чуць іншых сам, то і цябе абавязкова пачуюць. А разам – ва ўзаемадзеянні – можна разруліць любое пытанне.
“Незалежнасць каштуе дорага, аднак яна каштуе таго, каб яе захаваць і перадаць будучым пакаленням. За намі Беларусь – чыстая і светлая, сумленная і прыгожая, працавітая, трошкі наіўная і ледзь-ледзь ранімая. Але яна – наша! Яна любімая, а любімую не аддаюць!”
Анастасія Стралкоўская, актывістка БРСМ:
– Многія словы Прэзідэнта, а гэтыя – тым больш, прымушаюць задумацца кожнага грамадзяніна нашай краіны аб сабе, аб сваёй пазіцыі, аб народзе. У асаблівасці яны датычаць нас, моладзі. Ад нас як ні ад каго залежыць развіццё краіны, яе сучаснасць і будучыня. Правільна сказана, “незалежнасць каштуе дорага”. Нам трэба працаваць над сабой, каб ніхто не змог навязаць нам сваё меркаванне, якое супярэчыць нашым каштоўнасцям. Моладзі неабходна ўнікаць у асаблівасці дзяржаўнай палітыкі, быць у курсе галоўных падзей. Так мы зможам сфарміраваць асабісты погляд, і тады нішто і ніхто не паўплываюць на нашы думкі, дзеянні, паводзіны. Менавіта мы фарміруем аснову краіны, мы – яе галоўная каштоўнасць, яе будучыня, таму і думаць мы павінны на некалькі хадоў наперад. Стаць сапраўдным і адданым сынам Айчыны і захаваць цэласнасць краіны – вось наша галоўная задача.
Вера Лукашэвіч