На полі выстраілі камбайны, на старце – аўтамабілі, гатовыя прыняць зерне. Побач з імі і камбайнавыя экіпажы.
Вітаў удзельнікаў урачыстасці старшыня Слуцкага райвыкамкама Андрэй Янчэўскі.
– Сёння на Случчыне пачынаецца жніво – хвалюючы, адказны момант у жыцці аграрыяў, які падводзіць рысу намаганням усяго года. «Ёсць хлеб – будзе мір, шчасце і багацце…», – так казалі нашы продкі. З даўніх часоў хлеб з’яўляецца сімвалам дабрабыту краіны і самай вялікай каштоўнасцю. Бо менавіта ад вынікаў уборачнай кампаніі залежыць харчовы дастатак дзяржавы, – гаварыў Андрэй Янчэўскі. – Зусім хутка збожжа з нашых палёў ляжа вялікім караваем на стол нашай Радзімы. І хочацца, каб па завяршэнні жніва мы маглі павіншаваць адзін аднаго з высокім агульным вынікам. Станоўчы вопыт у гэтай справе мы маем. У добры шлях, хлебаробы! Шчыра віншую вас з «Зажынкамі» і жадаю спрыяльнага надвор’я, багатага намалоту, плёнай працы на карысць раёна. Няхай Случчына ўнясе важкі ўклад у каравай Беларусі!
Віншавалі працаўнікоў Случчыны з пачаткам жніва дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Вітальеўна Ражанец, старшыня рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Лабушаў, намеснік старшыні Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Пётр Окунеў.
Тэатралізаванае прадстаўленне падрыхтавалі калектывы аматарскай творчасці Слуцкага раёна.