Заключнае мерапрыемства прайшло на базе ААТ «Усход-Агра».
Павіншаваць лепшых жывёлаводаў гаспадаркі прыехалі прававы інспектар Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Андрэй Лагвінец і старшыня райкама профільнага прафсаюза Уладзімір Саланенка.
У актавай зале праўлення таварыства сабраліся аператары машыннага даення, заатэхнікі, ветурачы, загадчыкі ферм, іншыя спецыялісты. Настрой ва ўсіх быў святочны. І гэта не дзіўна. Жывёлагадоўчая галіна гаспадаркі летась спрацавала паспяхова.
Як адзначыў Уладзімір Саланенка, акцыя «Наш жывёлавод» праводзіцца на Маладзечаншчыне чацвёрты год. Яе мэта — павысіць прэстыж прафесіі, забяспечыць добрыя ўмовы працы работнікаў галіны, павысіць даход жывёлаводаў, вырашыць некаторыя злабадзённыя пытанні. У выніку ў людзей расце матывацыя для паляпшэння вытворчых паказчыкаў. А гэта станоўча ўплывае на выпуск прадукцыі жывёлагадоўлі і павышэнне яе якасці.
— Сёлета акцыя закранула каля 50 аб’ектаў жывёлагадоўлі раёна, — паведаміў Уладзімір Генадзьевіч. — Усяго было заахвочана больш за 90 жывёлаводаў. Адметна, што акцыю падтрымалі пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі ўсіх прадпрыемстваў АПК Маладзечаншчыны. Не засталіся ўбаку і адміністрацыі гаспадарак.
Кіраўнік ААТ Наталля Вішнеўская павіншавала жывёлаводаў з працоўнымі дасягненнямі. Яна зазначыла, што праца на фермах нялёгкая. Пры гэтым галіна прыцягвае моладзь. У гаспадарку кожны год прыходзяць маладыя спецыялісты. Яны паспяхова пераймаюць вопыт ветэранаў, працуюць добра, выконваюць даведзеныя заданні.
— Асаблівае дзякуй жанчынам, работніцам ферм. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, яны заўсёды прыгожыя і абаяльныя. Дзякуючы ім гаспадарка мае высокія дасягненні, — падкрэсліла Наталля Рамуальдаўна.
Падзякі і падарункі ад абкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК у час мерапрыемства атрымалі Ілона Купрыян, Сяргей Іванцоў, Таццяна Полаз, Алена Агафонава, Зарына Шэмет, Таццяна Мандрык. Адзначыла лепшых работнікаў і кіраўніцтва гаспадаркі. Акрамя таго, для пакояў адпачынку ўсіх шасці аб’ектаў жывёлагадоўлі былі падрыхтаваныя электрачайнікі і чайныя наборы.
Святочную атмасферу для вяскоўцаў стваралі работнікі Красненскага сельскага дома культуры Таццяна Каляда-Замойская, Таццяна Варнаўская і Генадзій Касабуцкі.
mgazeta.by [1]
Ссылки в статье:
[1] mgazeta.by: https://mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/9127-na-maladzechanshchyne-zavyarshylasya-prafsayuznaya-aktsyya-nash-zhyvjolavod.html?fbclid=IwAR15qLufe0AA2p8hG_bH2K9tXRvKkcUOVss388FuE9JoCr-snswMvdMFEsU