Мікалай Комлік і Вікторыя Гарашчук сваё вяселле планавалі зрабіць сямейным і шлюб зарэгістраваць без асаблівых урачыстасцяў: каб былі на цырымоніі толькі яны самі, бо шчасце, як кажуць, любіць цішыню. Аднак так адбылося, што дата рэгістрацыі новай сям’і супала з днём нараджэння горада Мар’іна Горка. Таму работнікі аддзела загс райвыканкама вырашылі зарэгістраваць шлюб маладых урачыста.
Загадчыца аддзела загс Наталля Дубовік па традыцыі пажадала пухавіччанам сямейнага шчасця і кахання, якое з гадамі становіцца толькі мацнейшым, і выказала надзею пабачыць Мікалая і Вікторыю ў хуткім часе зноў: падчас афармлення пасведчання аб нараджэнні яшчэ аднаго члена іх сям’і.
Вікторыя, студэнтка медыцынскага ўніверсітэта, і Мікалай, інжынер-праграміст, пазнаёміліся на вяселлі ў сяброў і два гады правяралі свае пачуцці. Зараз упэўнены, што гатовы будаваць сумесную будучыню. І рабіць гэта будуць у нашым раёне. Што ж, далучаемся да віншаванняў: жывіце дружна аж да залатога вяселля!
А якім яно можа быць, паказала наступная пара, што завітала ў святочны для горада дзень у загс. Гэта была «залатая» сям’я Міхаіла і Надзеі Міхеевых. Пяцьдзясят гадоў! Калі яны прамінулі?! Нібыта адзін дзень прайшоў… Да таго ж, залатыя юбіляры выглядаюць такімі ж шчаслівымі і закаханымі, як і тады, у ліпені 1970 года.
Шлях да гэтага дня быў не надта кароткім. Міхаіл Лаўрэнцьевіч, выкладчык аграрна-тэхнічнага каледжа, закахаўся ў сваю студэнтку, таму цярпліва маўчаў пра пачуцці аж да экзаменаў. Толькі потым запрасіў Надзею на спатканне. І, неяк праходзячы міма будынка, дзе быў загс, зрабіў каханай прапанову стаць ягонай спадарожніцай на ўсё жыццё. Яна згадзілася не раздумваючы… Не раздумвалі яны і зараз, калі далі абяцанне берагчы адзін аднаго да наступнага юбілею. Так і будзе, бо, як кажуць залатыя юбіляры, ім ёсць для каго жыць. Гэта трое дзетак і шасцёра ўнукаў. Яны шчыра рады былі віншаваць сваіх родных людзей з прыгожай датай.
Да віншаванняў маладой і «залатой» сям’і далучыліся ў Дзень горада член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Гайдукевіч, першы сакратар РА «БРСМ» Алена Мазанік, намеснік старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Дзмітрый Бачкоў, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Людміла Гулякевіч.
gorka.by [1]
Ссылки в статье:
[1] gorka.by: http://www.gorka.by/maladyya-i-zalatyya-u-dzen-gorada-adbylisya-dzve-ўrachystyya-registracyi-shlyubu/