Днямі старшыня Віктар Статкевіч адзначыў за плён трактарыста-машыніста адкрытага акцыянернага таварыства «Забалацкі» Фёдара Вечара, выказаў яму падзяку за намаганні, пажадаў далейшых поспехаў і ўручыў падарункі.
Дарэчы, механізатарскі стаж працаўніка налічвае звыш чатырох дзесяцігоддзяў. Пасля арміі, не разважаючы, вярнуўся ў родныя мясціны, у Баянічы. Тут і пачаў працоўную дзейнасць у якасці трактарыста. Пасведчанне мелася — яшчэ ў школьныя гады ў вучэбна-вытворчым камбінаце атрымаў.
— Пайшоў па слядах бацькі, які ўсё жыццё прысвяціў працы ў сельскай гаспадарцы, — прыгадвае Фёдар Вечар. — Колькі раз з ім у кабіне Т-74 ездзіў, назіраў, як старанна шчыруе на зямлі. Вось і вырашыў прадоўжыць справу. Не палохала нават тое, што ўвесну, улетку і большую частку восені давядзецца працаваць з раніцы да позняга вечара і амаль без выхадных.
Спачатку Фёдар эксплуатаваў МТЗ-50, пазней высокапрадукцыйны замежны Джон дзір, цяпер шчыруе на МТЗ-920. Апрацоўваў палеткі ў «Загальскім», «Баянічах», эксперыментальнай базе «Любанская». А пасля выхаду на пенсію, ужо амаль 7 гадоў, — у «Забалацкім». Справу сваю механізатар выдатна ведае і любіць, прызнаецца, што вопыт і старанне дазваляюць дасягаць важкіх вытворчых вынікаў. Сёлета, напрыклад, падчас веснавых палявых работ Фёдар Вечар закультываваў пад яравую сяўбу звыш 600 гектараў глебы. Потым практычна на такой жа плошчы загарнуў кукурузныя зярняты. Зараз трактарыст ужо задзейнічаны на назапашванні кармоў — косіць шматгадовыя травы. У асноўным на тых участках, дзе буйнагабарытным агрэгатам складаней манеўрыраваць. Але і на такіх штодзённая выпрацоўка някепская.
«З таго, як Фёдар Віктаравіч адказна адносіцца да пастаўленых задач, руплівасцю і самаадданасцю мацуе дабрабыт роднай зямлі, трэба многім маладым браць прыклад», — зазначыў Віктар Статкевіч.
А між тым механізатар перадае свой вопыт унуку Сашу, які таксама вырашыў стаць трактарыстам і атрымлівае такую прафесію ў ліцэі. Падрастае, як кажуць, надзейная змена.