Нядаўна прайшоў чарговы прафсаюзны прыём грамадзян. Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Яцухна, прававы інспектар працы ФПБ Барыс Налівайка, памочнік пракурора Маладзечанскага раёна Валерый Пяркоўскі, прадстаўнікі райвыканкама, УП «Камунальнік» і ААТ «Маладзечнагандаль».
Пытанні, якія падымалі наведвальнікі, тычыліся спагнання запазычанасці па зарплаце, налічэння пенсіі, уліку стажу работы ў асаблівых умовах, добраўпарадкавання вуліцы і гэтак далей. Работнікі адной з транспартных арганізацый паскардзіліся на ўмовы працы. Таксама людзі выказалі незадавальненне парадкам налічэння заработнай платы.
Усе жыхары горада і раёна, якія звярнуліся на прыём, атрымалі юрыдычную кансультацыю. Спецыялісты растлумачылі, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі. Шэрагу зваротаў будзе дадзены ход на ўзроўні кіраўніцтва ФПБ. Рашэннем некаторых пытанняў зоймецца раённае аб’яднанне прафсаюзаў.
— Падобныя сумесныя прыёмы даюць людзям дадатковую магчымасць адстаяць свае законныя інтарэсы, — падкрэсліў Валерый Пяркоўскі. – Праводзяцца яны ў рамках пагаднення паміж ФПБ і Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы ўдзелу пракурорскіх работнікаў пытанні разглядаюцца больш поўна і аператыўна. Прычым тычацца яны не толькі працоўных спрэчак.
Як адзначыў Барыс Налівайка, асноўная перавага сумесных прававых прыёмаў, — даступнасць, аператыўнасць і ўсебаковы аналіз сітуацыі. Гэта асабліва актуальна цяпер, калі ўступіў у сілу новы Працоўны кодэкс. Нормы дакумента закранаюць розныя катэгорыі работнікаў, у тым ліку маладых спецыялістаў і асоб перадпенсійнага ўзросту. Змяненні ў кодэксе накіраваныя на ўзмацненне абароны інтарэсаў працоўных.
— Дзякуючы прафсаюзным прававым прыёмам папярэджваюцца многія канфліктныя сітуацыі. Адбываецца гэта ў інтарэсах як работніка, так і наймальніка. У некаторых пытаннях меркаванне прафсаюзаў мае вырашальнае значэнне, — паведаміў прававы інспектар працы ФПБ.
Алег Бяганскi.