Старт гульням-спаборніцтвам быў дадзены на гарадскім стадыёне. З прывітальнымі словамі да каманд-удзельніц звярнуліся начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама Наталля Баярская, старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Аляксандр Шамаль, галоўны пазаштатны спецыяліст па хуткай медыцынскай дапамозе Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Жынко, старшыня райвыканкама Сяргей Савіцкі, пажадаўшы кожнай камандзе дасягнуць пераможных вышынь.
Брыгады хуткай медыцынскай дапамогі “працавалі” на дзесяці пляцоўках, дзе былі змадэляваны наступствы таго ці іншага няшчанага выпадку: мужчына паваліўся з веласіпеда, у жанчыны ад укусу пчалы развіўся анафілактычны шок, на будаўнічай пляцоўцы дзяўчына парэзала нагу балгаркай, а мужчыне ногі прыціснула бетоннай плітой, у парку мужчына раптоўна згубіў прытомнасць, у аварыі на дарозе таксама пацярпелі людзі… Самай масавай на “здарэнні” стала пляцоўка, дзе “прагрымеў выбух”…
Амаль да чатырох гадзін вечара доўжыліся спаборніцтвы. Пераможцай абласных гульняў-спаборніцтваў прызнана брыгада хуткай медыцынскай дапамогі Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Па матэрыялах газеты «Чырвоная зорка»