У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі А. С. Мікша, загадчык сектара партнёрскіх адносін і сацыяльнай работы Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў А. М. Юрчык, старшыня раённага Савета дэпутатаў П. І. Бібік, старшыня раённага камітэта работнікаў аграпрамысловага комплексу В. С. Гідлеўскі, старшыні галіновых прафсаюзаў, дэлегаты ад пярвічак і прадстаўнікі працоўных калектываў раёна.
Галоўным пытаннем парадку дня была справаздача аб рабоце Савета Валожынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў за 2015-2019 гады. Пра яе падрабязна расказала ў дакладзе старшыня райаб’яднання В. В. Загорская. Вераніка Віктараўна данесла прысутным інфармацыю пра поспехі і дасягненні арганізацыі, напомніла аб праблемах, рашаць якія неабходна ў бліжэйшы час. Яна падзякавала сацыяльным партнёрам за падтрымку, а актывістам руху – за сумесную плённую работу.
Намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі А. С. Мікша высока ацаніў работу Савета, раённага аб’яднання. Ён выказаў упэўненасць, што прафсаюз і далей будзе ўдзяляць пільную ўвагу і кантроль за выкананнем заканадаўства па ахове працы, заключэнні працоўных кантрактаў. А таксама заклікаў не збаўляць тэмпу ў змаганні за захаванне стабільнасці ў працоўных калектывах і не дапускаць зніжэння ўзроўню жыцця людзей.
Ва ўрачыстай абстаноўцы юбілейным медалём “115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі” за шматгадовы клопат пра сацыяльна-эканамічныя правы і законныя інтарэсы членаў прафсаюза ўзнагароджана былы старшыня прафсаюза ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” І. І. Лужынская. Граматамі, падзякамі і памятнымі падарункамі адзначаны начальнік аддзела ЗАГС Тамара Яныш, намеснік рэдактара райгазеты Алена Залеская, шэраг спецыялістаў і адказных службовых асоб, якія заняты ў сацыяльнай сферы.
Падчас канферэнцыі быў выбраны Савет Валожынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, дэлегаты на VI справаздачна-выбарную канферэнцыю Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, прадстаўнікі ў склад Савета абласнога аб’яднання.
Па выніках галасавання старшынёй Валожынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў на бліжэйшую пяцігодку аднагалосна абрана Вераніка Загорская. Дэлегаты форуму аказалі і высокі давер старшыні раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марыі Камінскай. Яна стала намеснікам старшыні.
Па старонках газеты «Працоўная слава»