Дзе на малочнатаварных фермах цэнтральнага рэгіёна атрымліваюць больш за іншых самага смачнага і якаснага малака? Вызначыць гэта дапамог конкурс, наладжаны абласным камітэтам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Падведзены вынікі штоквартальнага конкурсу за дасягненне высокіх паказчыкаў у 2021 годзе сярод малочнатаварных фермаў і комплексаў.
— Падобныя мерапрыемствы арганізощваюцца нашымі арганізацыямі ўсяго другі год, — падкрэсліла старшыня Бярэзіскага райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Марына Каўзуновіч, — Праводзяцца яны з мэтай маральнага і матэрыяльнага стымулявання жывёлаводаў, павышэня прэстыжу чалавека працы, павышэння кваліфікацыі работнікаў ферм, што дапаможа нацэліць іх на ўкараненне новых прагрэсіўных тэхналогій дзеля нарошчвання вытворчасці малака і мяса.
МТК «Манча» СУП «Арэшкавічы» ўпершыню ўдзельнічаў у спаборніцтве і адразу заняў другое месца сярод малочнатаварных комплексаў з прадуктыўнасцю жывёлы ад 5501 да 6500 кілаграмаў малака.
Такое рашэнне прыняла спецыяльная камісія, якая ўлічыла не толькі працу жывёлаводаў з нарастаючым паказчыкам ад мінулага года, а таксама найвышэйшы надой на карову і найбольшы прырост прадуктыўнасці. Ды і не толькі гэта вызначала пераможцаў.
— Удзельнічаць у конкурсе калектывам ферм можна толькі на пэўных умовах, — падкрэсліла Марына Аляксандраўна. — Малочна-таварныя фермы павінны ўтрымліваць не менш за 400 рагуль і быць цалкам укамплектаванымі. Таксама патрабуецца звыш 60 працэнтаў атрыманага малака рэалізаваць перапрацоўшчыкам гатункам класа «экстра» і захаваць таварнасць малака не ніжэй за 90 працэнтаў. Ды і і асабліва патрабавалася, каб вышэйназваныя паказчыкі ніякім чынам не былі зменшаны ні ў гэтым, ні ў папярэднім годзе. Толькі ў такім выпадку, калектыў мог разлічваць на званне пераможцы і дастойную грашовую прэмію.
Трэба аддаць належнае, калектыў МТК «Манча» цалкам адпавядаў усім патрабаванням. Па выніках работы ў першым квартале тут здолелі прырасціць вытворчасць малака ў параўнанні з мінулым годам і атрымалі амаль 769 тон малака. Прадуктыўнасць рагулі дасягнула 1667 кілаграмаў малака. Прыбаўка да папярэдняга года атрымалася значнай і дазволіла выйсці на другое месца ў раёне, апярэдзіўшы СУП «АграМАЗ» .
— Нічога дзіўнага ў тым, што мы выйшлі на другое месца ў абласным спаборніцтве, я не бачу, гаворыць загадчыца МТК «Манча» Наталля Андрыевіч. — Я сама працую ў жывёлагадоўлі не першы год, ды і падначаленыя мае — не навічкі на ферме, усмеюць з жывелай абыходзіцца. У дапамогу ім не толькі старанне і пэўны прафесіяналізм, але і дастойныя ўмовы працы і ўтрымання статка, багатая кармавая база і работа па аднаўленні статка, ды і падтрымка кіраўніцтва.
— Я шчыра рады, што нашу працу на ніве нарошчвання вытворчасці малака заўважылі і дастойна ацанілі, — зазначыў дырэктар СУП «Арэшкавічы» Сяргей Счасны. — Мы ішлі да яе не адзін год і цяпер пераканаліся, што рухаемся ў верным напрамку. Не памыляюся, што цяпер у нашых жывёлаводаў літаральна вырастуць крылы за спіной і яны будуць працаваць ў два разы больш сумленна. Мне ж шчыра хочацца, каб наша перамога ў абласным спаборніцтве прыцягнула ў жывёлагадоўлю моладзь!
berezino.by [1]
Ссылки в статье:
[1] berezino.by: https://www.berezino.by/ferma-mancha-lepshaya-%d1%9e-voblasci/