Вольга Тарасаўна нарадзілася ў 1922 годзе ў вёсцы Перавоз. Пасля атрымання атэстата сталасці, без асаблівага напружання здала ўступныя экзамены і стала студэнткай Мінскага політэхнічнага інстытута. Але закончыўся першы семестр – і кіраўніцтва ўстановы аб’явіла, што навучанне будзе платным… Грошай у вясковай дзяўчыны не было. На шчасце, завітаў да студэнтаў “вербаўшчык” з педагагічнага інстытута і прапанаваў пайсці на курсы, заканчэнне якіх давала права паступаць без экзаменаў на завочнае аддзяленне. Так Вольга стала вывучаць рускую мову і літаратуру — і ўжо напачатку лета атрымала дыплом. Аднак працаваць па спецыяльнасці не давялося, праз некалькі дзён пачалася вайна.
… Вольга толькі дабралася пешшу да Перавоза – і праз тыдзень прыйшлі немцы. Хутка вярнуўся ў бацькоўскі дом і старэйшы брат Вольгі — Захар, які разам з іншымі аднадумцамі стварыў Брадзецка-Сялібскую падпольную групу. А ў красавіку 1942 года ён і яшчэ некалькі чалавек з падполля пайшлі ў партызаны. Сястру Захар забраў з сабою ў партызанскі атрад імя Чапаева ў маі таго ж года. Тут яна была не толькі сувязной, але і прымала ўдзел у выпуску часопіса “Чапаевец”, які на той час выпускалі партызаны.
За праяўленую мужнасць ветэран Вялікай Айчыннай вайны Вольга Тарасаўна была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За баявыя заслугі” і “Партызану Айчыннай вайны” ІІ ступені.
Пасля вайны з’яўлялася адказным сакратаром газеты “Чырвоны сцяг” Нясвіжскага раёна. Пазней Вольга Тарасаўна выкладала рускую мову і літаратуру ва ўстановах адукацыі Бярэзіншчыны. Акрамя гэтага, яна кіравала мастацкай самадзейнасцю і часта з настаўніцка-вучнёўскім калектывам выступала з канцэртамі ва ўстановах культуры раёна. Плённая дзейнасць Вольгі Тарасаўны адзначана юбілейным медалём “За доблесную працу”.
Сёння ветэран жыве ў горадзе Магілёве ў старэйшай дачкі Ганны, былой настаўніцы Магілёўскай гімназіі. Але калектыў і вучні Багушэвіцкай установы адукацыі не губляюць сувязі з педагогам-франтавіком Вольгай Тарасаўнай. Былыя вучні ўспамінаюць яе як строгую, прынцыповую настаўніцу, дабрадушную і высакародную асобу.
Мы ганарымся, што такія людзі, як Вольга Тарасаўна, жывуць сярод нас!
Алена КАЗАЧОНАК, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ДУА “Багушэвіцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”.