У Дзень маці старшыня Бярэзінскага райвыканкама Дзяніс Дзішук уручыў ордэн Маці матулі пяцярых дзетак Вользе Хвашчэўскай.
— Віншуем вас, з гэтай значнай дзяржаўнай узнагародай, — зазначыў Дзяніс Ігаравіч. Жадаем, каб вас радавалі вашы дзеці, сямейнага дабрабыту, поспехаў у жыцці. Зараз у краіне вялікая ўвага надаецца падтрымцы сям’і і мацярынства, і наш раён – не выключэнне. Толькі пры ўмове стабільнай дэмаграфічнай сітуацыі, высокай нараджальнасці, можна з цвёрдай упэўненасцю глядзець у будучыню. Віншую са святам і ўсіх жанчын! Здароўя і сямейнага дабрабыту!
Як аказалася, сёння ў Вольгі — двайное свята! Дзень маці і дзень нараджэння.
— Таму ўдвайне прыемна менавіта сёння атрымаць такую значную дзяржаўную ўзнагароду! Атрымаць ордэн Маці вельмі хвалююча і адказна, — падзялілася шчаслівая матуля. — Гэта заслуга ўсёй нашай сям’і. Прыемна, што дзяржава аказвае пастаянную ўвагу, вось, да прыкладу, да новага навучальнага года атрымалі дапамогу. Вядома ж, мець вялікую сям’ю складана, але ўсе цяжкасці перакрываюцца радасцю, якую штодзень дораць дзеці. Прыемна, што і нашу мацярынскую працу цэняць, адзначаюць на такім высокім узроўні. Вялікі дзякуй за падтрымку!
Вольга разам з мужам выхоўваюць пяцёра дзетак, двое сыночкаў — блізняты. Жанчына зараз у дэкрэтным адпачынку, да гэтага працавала ў ААТ «Бярэзінскі райаграсэрвіс». Са святам павіншавала, уручыла падарунка жанчыне і старшыня прафсаюзаў работнікаў АПК Марына Каўзуновіч. Да віншаванняў далучыліся і супрацоўнікі райвыканкама!
Юлія Букель, фота аўтара